Вярхоўная Рада разгледзіць законапраект “Пра статус іншаземцаў ва ўзброеных сілах Украіны”
Сёння Вярхоўная Рада Украіны разглядае шэраг новых законапраектаў, адзін з якіх тычыцца і беларусаў – удзельнікаў АТА – антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе. Назва законапраекту – “Пра статус іншаземцаў ва ўзброеных сілах Украіны”. Паведамляе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– Іншаземцы-добраахвотнікі, у тым ліку і грамадзяне Беларусі, удзельнічаюць у антытэрарыстычнай аперацыі ці не з першага дня. Афіцыйна яны па-за законам Украіны. А на Радзіме іх можа чакаць турэмнае зняволенне нібыта за наёмніцтва. Хоць беларусы змагаюцца выключна ў добраахвотных батальёнах “Данбас”, “Азоў”, “Дабравольчы ўкраінскі корпус”, “Правы сектар”. А ні дакладная лічба беларускіх ваяроў, а ні колькасць забітых ды параненых не вядомая нават Міністэрству абароны Украіны.
Новы закон, калі ён будзе прыняты, напэўна палепшыць статус іншаземных абаронцаў украінскай незалежнасці. Так, у выпадку ранення, яны змогуць разлічваць на матэрыяльную дапамогу ад дзяржавы.
Беларускае Радыё Рацыя, Украіна
