Вяртанне ў часы Радзівілаў і габрэйска-беларускага мястэчка
У Орлі, што на Падляшшы, адбудзецца ваяводская інаўгурацыя дваццаць пятых Еўрапейскіх дзён спадчыны. Гасцей чакаюць гістарычныя рэканструкцыі бітваў, прамоцыя кніжкі пра Орлю і спектакль пра забытую спадчыну габрэяў. Гістарычны паказ правядуць клубы «Газдава» з Бабруйска і «Рэгімент Януш Радзівіл» з Менска. Першае мерапрыемства ў Орлі навязвае да часоў Вялікага Княства Літоўскага, кажа дырэктар дэпартамента культуры і нацыянальнай спадчыны Маршалкоўскай управы Анатоль Вап.
– Падляшша – вельмі цікавы рэгіён на памежжы Польшчы, Беларусі і Літвы, які мае супольную гісторыю. У гэтым годзе шырокая тэма пра краявід Падляшша, яго гісторыю. І ваяводская інаўгурацыя адбудзецца ў Орлі.
Еўрапейскія дні спадчыны адбудуцца ў гэтыя і наступныя выходныя. Першае інаўгурацыйнае мерапрыемства ў Орлі пройдзе ў цэнтры мястэчка, перад сінагогай і ў парку. Пачатак заўтра ў 13 гадзін.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Орля
Фота: Міраслаў Галаўня