У Беластоку прайшла выбарчая канферэнцыя партыі PIS



Раўнамернае развіццё ўсіх рэгіёнаў Польшчы будзем надалей ажыццяўляць, – сказаў у Беластоку Яраслаў Качынскі.

  • Выбарчая канферэнцыя партыі „Права і Справядлівасць” прайшла ў сталіцы Падляшскага ваяводства. Лідар ПіС-у ў сваім выступе шмат увагі прысвяціў развіццю транспартнай інфраструктуры ўсходняй Польшчы.

– Перад намі ёсць вялікая задача. Новыя дарогі павінны быць часткай вялікай сістэмы “поўнач – поўдзень”. Польшча вельмі часта губляла на гэтым, калі казаць пра гаспадарчыя камунікацыйныя сувязі, бо абапіраецца на вось “усход-захад”. Мы хочам гэта змяніць, каб былі дзве восі. І гэта будзе вялікай карысцю для Польшчы.

  • Паколькі Падляшша цесна звязана з сельскай гаспадаркай,  Яраслаў Качынскі не абмінуў і гэтай тэмы.

– Будаўніцтва новых сувязяў паміж вёскай і горадам. Гэта і даплаты за паліва для фермераў. Гэта і інфраструктура. Гэта і будаўніцтва лакальных дарог, на што пайшлі вялікія грошы. Гэта і адкрыццё новых камунікацыйных спалучэнняў – аўтобусных, а дзе магчыма таксама і чыгуначных.

На ваяводскай канферэнцыі „Права і Справядлівасці” ў Беластоку былі прадстаўлены кандыдаты партыі ў надыходзячых парламенцкіх выбарах. З Падляшскага ваяводства ад гэтай партыі балатавацца будуць 28 кандыдатаў у Сейм і 3 у Сенат.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя