Выбары па-падляшску
Управа Падляшскага ваяводства знайшла спосаб на падвышэнне выбарчай яўкі на другім туры прэзідэнцкіх выбараў, што мае адбыцца ў бліжэйшую нядзелю. Дапамагчы гэтаму мае акцыя “Кубак гмінаў”.
Як распавёў падчас сённяшняй прэс-канфэрэнцыі маршалак Падляшскага ваяводзтва Артур Касіцкі, ваяводскае самакіраванне прызначыць узнагароды ў памеры 50 тысяч злотых для дзесяці падляшскіх гмінаў, у якіх выбарчая яўка будзе самай высокай. Фінансавая падтрымка будзе выкарыстаная гміннымі самаўрадамі на мадэрнізацыю вясковых святліцаў – удакладняе маршалак Падляшскага ваяводства.
– Прынялі рашэнне, каб ініцыяваць акцыю “Кубак гмінаў”. 10 гмінаў, дзе будзе найвышэйшая яўка ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў, атрымае чэк на 50 тысяч злотых. І за гэтыя сродкі яны змогуць набыць абсталяванне для святліц, альбо прызначыць іх на рамонт і мадэрнізацыю святліц.
Як паведаміў Маршалак Падляскага ваяводства Артур Касіцкі, грошы на ўзнагароды выдзеленыя з бюджэту ваяводства. Конкурс, паводле яго слоў, мае на мэце вылучыць найбольш актыўную лакальную супольнасць у рэгёне.
Другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы пройдзе 12 ліпеня. За найвышэйшую пасаду змагаюцца дзейны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: wrotapodlasia.pl