Выбары ў Беларусі – вачыма польскіх палітыкаў (абноўлена)
«Беларуская апазіцыя, не вызначыўшыся з моцнай альтэрнатывай Аляксандру Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах, у нейкай ступені паспрыяла яго чарговай перамозе». У перамозе Лукашэнкі, хоць і не з настолькі высокім працэнтам, не сумняваецца дэпутат еўрапарламента, Караль Карскі:
Караль Карскі (фота: se.pl)
— Тыя 82,9 % крыху маларэальныя, але не магу сказаць, што ён насамрэч не выйграў гэтыя выбары. Здаецца, што ў дадзенай сітуацыі, з такімі кандыдатамі з раздробненай апазіцыяй і на фоне канфлікту ва Украіне, які быў нагодай да аб’яднання вакол улады, інтуітыўна можна сказаць, што Аляксандр Лукашэнка гэтыя выбары пэўна выйграў
Караль Карскі пры гэтым адзначае, што выбары ў Беларусі не адпавядалі дэмакратычным стандартам, але, як і многія еўрапейскія палітыкі, станоўча ацэньвае вызваленне Лукашэнкам палітвязняў. Еўрадэпутат таксама лічыць, што Еўропа павінна весці дыялог з беларускімі ўладамі.
„Гэтыя выбары паказалі, што Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца моцным элементам беларускай дзяржавы”, – падкрэслівае польскі палітык.
“Гэта дакладна не былі выбары па стандартах АБСЕ”, – каментуе прэзідэнцкія выбары ў Беларусі польскі еўрадэпутат Павел Коваль.
Павел Коваль (Фота pawelkowal.pl)
Ён мяркуе, што на міжнароднай арэне станоўча ацэняць, калі выбары пройдуць без нападаў з боку ўладаў на апазіцыйна настроеных грамадзянаў. Пры гэтым еўрадэпутат адзначыў слабасць беларускай апазіцыі:
– Я думаю, што ў Беларусі шмат годных асобаў, але без моцнай міжнароднай падтрымкі і зразумелага сігналу, што дэмакратызацыя з’яўляецца ўмовай дыялогу з Беларуссю, сама апазіцыя не зможа нічога змяніць.
Павел Коваль упэўнены, што можна спадзявацца на “ціхае прызнанне” Еўразвязам выбараў у Беларусі. Таксама еўрадэпутат прагназуе малую колькасць пратэстаў у Беларусі.
Анджэй Галіцкі (Фота newspix.pl)
Пад кіраваннем Аляксандра Лукашэнкі Беларусь мае невялікія шанцы стаць дэмакратычнай краінай і адпавядаць еўрапейскім дэмакратычным стандартам. Такога меркавання прытрымліваецца прадстаўнік польскага ўраду Анджэй Галіцкі:
– Я заўсёды чакаю вынікаў выбараў, а таксама таго, што будзе адбывацца пазней у Беларусі. Спадзяюся на прагрэс у пабудове грамадскай супольнасці, якога дагэтуль няма. Скажу, што спадзяюся на раптоўныя змены, але апошнія дні паказваюць на тое, што гэтых змен чакаць не варта.
Гэтыя прэзідэнцкія выбары, на думку Анджэя Галіцкага, толькі пацвярджаюць што Беларусі яшчэ далёка да паляпшэння свайго іміджу на міжнароднай арэне. Таксама палітык адзначыў, што лічыць беларускую апазіцыю раз’яднанай ды ўзгадаў, што нават кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч прагназавала перамогу Лукашэнкі не толькі на гэтых, але і на наступных прэзідэнцкіх выбарах.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя