Псеўдавыбары ў ДНР і ЛНР (абноўлена)
„Выбары ў Данецкім і Луганскім рэгіёнах прайшлі ў цэлым арганізавана, пры высокай яўцы выбаршчыкаў. Гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных справаў Расеі пасля завяршэння „выбараў”, праведзеных сепаратыстамі на тэрыторыях Данбаса. „Мы паважаем волевыяўленне жыхароў Паўднёвага Усходу. Выбраныя прадстаўнікі атрымалі мандат для вырашэння практычных задач па аднаўленні нармальнага жыцця ў рэгіёнах”, – адзначаецца ў заяве расейскага МЗСу.
Як вядома, 2 лістапада на тэрыторыях Данбасу, акупаваных тэрарыстамі, праводзіліся „выбары” у Данецкай і Луганскай Народных Рэспубліках. ААН, ЕЗ і ЗША заявілі, што не прызнаюць вынікаў дадзенага „волевыяўлення”. Па дадзеных „экзіт-полу”, праведзенага прадстаўнікамі сепаратыстаў, на „выбарах” у ДНР перамогу атрымаў самаабвешчаны прэм’ер-міністар Аляксандар Захарчанка. Па дадзеных прадстаўніка „ЦВК ДНР” ён набраў 81,37% галасоў.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што так званыя „выбары” ў акупаваных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей не маюць нічога агульнага з волевыяўленнем людзей і груба парушаюць Менскія дамоўленасці.
* * *
Больш за сотню чалавек выйшлі на Майдан Незалежнасці ў Кіеве, пратэстуючы супраць правядзення незаконнага, паводле іх, галасавання на Данбасе. Да пратэсту далучыліся выхадцы з Данбаса, якія з-за ваенных дзеянняў вымушаныя былі пераехаць у іншыя ўкраінскія рэгіёны.
Фота Oleksiy Matsuka / Facebook
* * *
У Данецкай і Луганскай абласцях Украіны – на тэрыторыях, якія кантралююцца сепаратыстамі, – праходзяць выбары дэпутатаў заканадаўчых органаў улады — «Народных саветаў», а таксама кіраўнікоў так званых «Данецкай народнай рэспублікі» і «Луганскай народнай рэспублікі».
Лідары самаабвешчаных «рэспублік» заяўляюць, што законы Украіны на іх тэрыторыях не дзейнічаюць. Таму яны адмовіліся ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ва Украіне на мінулым тыдні.
Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква мае намер прызнаць вынікі гэтага галасаваньня.
Прадстаўнікі ЗША і ЕЗ абвясцілі, што такая пазіцыя Расеі парушае «менскія мірныя пагадненні». Кіеў настойвае на выкананні менскіх дамоўленасцяў, паводле якіх мясцовыя выбары павінны прайсці згодна з указам, падпісаным у снежні прэзідэнтам Пятром Парашэнкам.
Усяго ў кантраляваных прарасейскімі сепаратыстамі раёнах Данецкай і Луганскай абласцей працуе больш за чатырыста выбарчых участкаў, якія будуць адкрыты да васьмі гадзін вечара па маскоўскім часе. Прыняць удзел у галасаванні зможа любы чалавек з прапіскай у Данецкай або Луганскай абласцях Украіны і старэйшы за 16 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ipnews.in.ua