Выйшаў новы нумар “Беларускага настаўніка”



“Беларускі настаўнік” – гэта часопіс, які раз у паўгода выдае Аб’яднанне ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову „АБ-БА” пры фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы. 

Што цікавага прачытаем у новым нумары выдання, распавядае яго рэдактар Мікола Ваўранюк:

– Ужо агулам 14-ты нумар “Беларускага настаўніка”, паколькі ён выходзіць два разы ў год. Змест яго, ужо неяк па традыцыі склаўся так, што ёсць інтэрв’ю з настаўнікамі ці былымі настаўнікамі. Ёсць таксама метадычныя дапаможнікі, яны складаюць аснову часопіса. У гэтым выпадку тэкст старшыні Таварыства беларускай школы з Менску Тамары Мацкевіч пра дыстанцыйнае навучанне. Я думаю, што гэта вельмі актуальна, паколькі не ведаем, калі школа будзе працаваць, калі не будзе. Тут яшчэ цікава, што гэты тэкст поўнасцю сучасны, бо мае QR-коды. Імі можна адразу на ўроку пакарыстацца.

Ёсць таксама сцэнар п’есы “Беласнежка і гномы”, створаны па казцы братоў Грым. Гэта п’еса была напісана па-руску. Пераклала на беларускую мову яе Аліна Ваўранюк. Таксама ёсць інтэрв’ю з былой метадысткай беларускай мовы Тамарай Русачык – аўтаркай шматлікіх падручнікаў для нашых школ на Беласточчыне. Падручнікаў, па якіх дзеці і моладзь дзесяцігоддзямі вывучалі беларускую мову. “Я не была звычайнай настаўніцай” – такі загаловак гэтага інтэрв’ю.

РР: Дзе можам знайсці гэтыя нумары “Беларускага настаўніка”?

Мікола Ваўранюк: Усе школы на Беласточчыне, у якіх вывучаецца беларуская мова, атрымліваюць па два экзэмпляры папяровага выдання. Таксама ў Аб’яднанні “АБ-БА”. А таксама ўсе нумары ёсць у электронным варыянце на сайце Аб’яднання ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову „АБ-БА”.

“Беларускі настаўнік” – гэта адукацыйны дапаможнік настаўнікам беларускай мовы ў польскіх школах ды ўсім зацікаўленым у беларускай адукацыі.

Цалкам размова ў далучаным файле:

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя