Выйшла новая кніга прозы Міхася Андрасюка (абноўлена)



Пісьменнік з падляшскае Гайнаўкі Міхась Андрасюк выдаў новую кнігу мастацкае прозы. Выданне атрымала назву «Поўня».

РР: Колькі гадоў заняла праца над тэкстам „Поўні”?

– Хутка, хаця выспявала вельмі доўга. Сама ідэя з’явілася ў мяне гадоў 5-ць таму, але я вельмі доўга шукаў ключ да гэтай кніжкі. Ведаў, што напісаць, але заставалася пытанне як. Гэты ключ знайшоўся ў 2018 годзе вясной, а пісалася вельмі добра на маёй малой бацькаўшчыне ў Гайнаўцы.

РР: Што гэта за ключ?

Маладзік, па-мойму, звужвае, а поўня – гэта шматзначнае. З поўняй звязана ў нас шмат абрадаў, шмат забабонаў. Поўня страшная, поўня цікавая, поўня таямнічая, поўня шматзначная. Мне хацелася, каб гэтая кніга была менавіта такая – шматзначная. Калі казаць пра ключ. Фрагменты гэтай кнігі я пачаў друкаваць бадай у 2017 годзе. Але гэта ўсё яшчэ было не тое, гэта ўсё яшчэ было не прадумана да канца, не хапала гэтага клею, які звяжа гэтыя тэксты. Неяк размаўлялі мы пра гэта з Яўгенам Вапам, ён кінуў слова поўня. У мяне адкрыліся вочы, што менавіта на баку гэтай поўні пойдзе ўвесь гэты аповед.

РР: Ці ўказвае поўня вобразна на жаночы пачатак?

– Жанчына ў гэтай кнізе можна сказаць такая ідэя фікс, як ідэя фікс – гэта свабода, пошукі свабоды і месца. Звярніце ўвагу, што падзеі ў кнізе адбываюцца па трохкутніку: Белавежская пушча, Беласток, Менск.

РР: Часам Масква згадваецца.

– Але гэта толькі эпізадычна. Тым не менш яна прысутная, як у свядомасці людзей на Падляшшы, у падсвядомасці прысутная гэтая вялікая Расея – прыгожая і страшная. Масква таксама прыгожая і страшная.

РР: Ці праўда, што ў гэтым тэксце прысутнічае некалькі вымярэнняў?

– Там перасякаецца жывое з мёртвым. Я часам кажу, што жывое яно часова і толькі гэтым адрозніваецца ад мёртвага. Ніхто дакладна не ведае, што за гэтай мяжой. Я стараўся напісаць так, каб пакінуць шмат пытанняў чытачу, каб не я шукаў адказ на гэтыя пытанні, а чытач. Каб магчымыя былі розныя варыянты адказаў, кожны мог адказаць па-свойму.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Але першая прэзентацыя «Поўні» плануецца напачатку сакавіка на малой Радзіме Міхала Андрасюка ў Гайнаўцы.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя