“ Вёска Рыгораўцы і … людзі”
“ Вёска Рыгораўцы і … людзі”. У вёсцы Рыгораўцы, што ў гміне Орля на Бельшчыне, адбылася прэзентацыя кнігі Яўгена Семенюка.
Па прафесіі – архітэктар, па зацікаўленасці – гісторык, спецыяліст па генеалогіі, краязнаўца. Шмат гадоў жыў у горадзе Астралэнка на Мазоўшы, але заўсёды цягнула яго на роднае Падляшша. Падчас шматлікіх паездак у родную вёску запісваў успаміны старажылаў. Пасля выхаду на пенсію перасяліўся ў Беласток і поўнасцю прысвяціў сябе працы над своеасаблівай хронікай роднай вёскі. Вядзе таксама старонку Рыгораўцы на Фэйсбуку. Кніжка – гэта вынік звыш двух дзясяткаў гадоў працы. Яна напісана на трох мовах – польскай, расейскай і на беларускай гаворцы.
Кажа Яўген Семянюк:
– Кніга па аб’ёму невялікая, матэрыялы збіраў да яе 20 гадоў. І кнігу перапісваў 4-5 разоў. Заўсёды, як збіраюцца матэрыялы, то пэўныя гісторыі дапаўняюцца. Яны яшчэ незавершаныя. І калі я пісаў гэтую кнігу, то я мэтанакіравана адкідаў такія гістарычныя факты, каб пакінуць тое, што поўнае.
Кніга Яўгена Семенюка “Вёска Рыгораўцы і … людзі” выдадзена Таварыствам “Музей малой бацькаўшчыны” ў Студзіводах. У бліжэйшую нядзелю, 28 лютага, адбудзецца прэзентацыя кнігі і сустрэча з яе аўтарам у Студзіводах.
Ганна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота аўтара