Выраі вечнасці



Пост, Вербніца, Вялікдзень, Правадная нядзеля — у маёй памяці гэта той струменьчык Пасхальнага перыяду, які, здаецца, расцягнуты, але адначасна аб’яднаны вечным спляценнем жыцця і смерці. Тут маем спачатку дачыненне з яго посным суцішэннем і чалавечым маўчаннем, затым неверагоднай успышкай веснавога прабуджэння і чакання Хрыста ў выглядзе яго ўезду ў Іерусалім, урэшце драма свядомасці здрады, улады, саманаканавання смерці і перамогі над ёю. А ўсё на нашых вачах і душах у літургічным, царкоўным календары, які штогод не дазваляе нам забываць той зямной заблытанасці і слабасці роду чалавечага. І апагей нарастаючай кульмінацыі болю «страснай сядміцы» — чытанне дванаццаці фрагментаў Евангелля ў вялікі чацвер, пятніца поўная цярпення і чалавечай трагедыі, суцішальна-чакальная субота з Усяночнай літургіяй, якая вызваляе нас з кайданоў пякельнай цемры, калі з радасцю і з упэўненасцю веры спрадвечна пасля поўначы заяўляем — Хрыстос Воскрэс! У адказ кажуць — Сапраўды Воскрэс! А ўжо калі за нядзельным, велікодным сняданкам найчасцей дзелімся ў сямейным крузе радасцю Уваскрэсення, то адначасна той нябачнай Божай ласкай адчуваем сябе больш радаснымі, але і адначасна бяспечнымі. Проста, робіцца так добра на душы і ў сэрцы. І хочацца, каб тое дабро трывала і не прамінала.

Толькі і аж чатыры словы — але якая моц праўды, веры, надзеі спадарожнічае нам грэшным. І ў змозе яны выстаяць, вытрымаць і перамагаць тое, што дрэннае ў нас саміх, але таксама супакойваць шаленства і чартоўскія замашкі ўсялякіх вонкавых кашмараў. Асабліва за цяперашнім часам выклікаў перад знявагай у самы кранальны акт веры Ісуса Хрыста сярод людзей хапае па ўсім свеце. І калі яшчэ ў дадатак штодзень зараз у шматлікіх войнах чалавек забівае чалавека, хрысціянін знішчае хрысціяніна, то наша малая вера пачынае сумнявацца ўвогуле ў Божы след на зямлі. А затым і наступным крокам, часта бывае, калі, нагледзеўшыся як зараз у рэальнасці ў грамадска-палітычна-чалавечым свеце вядуць сябе некаторыя іерархі і святары — то спакуса і гнеў вядзе наўпрост да яшчэ адной вайны — гэтым разам да асабістага духоўнага супраціву. Абвінавачваем тады часта ў прыступах свайго грэшнага гневу ўсё хрысціянскае вучэнне і адкідаем яе звышзямное і звышчалавечае вымярэнне. Зразумела, што тут усе не без віны, але менавіта Хрыстовае вучэнне паказвае нас такімі, якімі мы ёсць у рэальнасці — нягледзячы на духоўны сан, ці грамадскі статус. Усе мы роўныя і бязлітасна будзем аголенымі і пакаранымі ў сваёй грэшнасці Усявышнім, калі пакліча ўсіх нас перад сваё аблічча.

Таму вельмі важным для мяне яшчэ з дзяцінства момантам Пасхальнага эпасу з’яўляецца завяршаючая Велікодны светлы тыдзень Правадная нядзеля. Гэта адзін з тых момантаў у царкоўным і нашым свецкім календары, калі ўзгадваем, прыпамінаем і ўшаноўваем адышоўшых у Царства Нябеснае нашых сямейнікаў, сяброў, аднавяскоўцаў, знаёмых. І маем нашы веснавыя Дзяды, Радаўніцу — той рытуальны момант, які не дазваляе чалавецтву застацца без імя і роду, а таксама свайго народу. Тая хвіліна, якой унутраная метафізічна-духоўная навігацыя прымушае нас адбываць штогадовую вандроўку ў зямны вырай вечнасці. Імператыў адшукоўвання безыменных магіл сваіх продкаў і суродзічаў, часта пахаваных і раскінутых па ўсім свеце — гэта той запавет і маральны цяжар, які часта перадаецца з пакаленне ў пакаленне. Памаліцца і запаліць свечку над яшчэ адной вернутай да памяці магілай, ці ахвярай — ці ж гэта і не мацаванне і выратаванне самога сябе з бесчалавецтва і бяспамяцтва? Але і маральная зарука для нашага, таго лепшага боку, назначанага нам часам зямнога вандравання.

І не змагу ўсё ж такі думкамі ўцячы ад вайны ва Украіне. Велікодны час Уваскрэсення Гасподняга нясе смерць, гора, слёзы. Фарбаванае, чырвонае яйка — той новазапаветны сімвал жыцця вечнага, прыходзіцца асвячаць і спажываць са свядомасцю чырвані пралітай крыві ахвяр ваенных дзеянняў — забітых, параненых, бежанцаў. Боль і драма тых усіх людзей кажуць нам памаўчаць у такіх хвілінах. Малітва і памяць пра іх — гэта таксама і наша хрысціянская павіннасць.

Яўген Вапа