Справа беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску Падляшскім (абноўлена)



Справа беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску Падляшскім. Ёсць рэакцыя падляшскага Куратара асветы на прэсавую канферэнцыю, якая прайшла ў нядзелю, 14 мая, з удзелам прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці, дырэктараў ліцэяў і прадстаўнікоў бацькоўскай Рады. У абодвух ліцэях усе вучні яшчэ пры паступленні ў гэтыя школы дэкларавалі, што будуць вывучаць беларускую мову. Летась у верасні вучні выпускных класаў Бельскага ліцэя адмовіліся вывучаць беларускую мову, і ў гэтым іх падтрымала Кураторыя асветы, паводле якой адмова ад вывучэння мовы нацменшасці ёсць правам кожнага і што гэта не абавязвае вучняў пакідаць сцены ліцэя.

Кажа дырэктар гайнаўскага ліцэя Ігар Лукашук:

– У школу прыйшла карэспандэнцыя, якая заклікала школу выкінуць са Статута тыя запісы, якія сцявярджаюць пра абавязак навучання беларускай мове і што гэта прадмет абавязковы. Адзіны орган, які гэта можа рабіць, – гэта педагагічная Рада. Педагагічная Рада двойчы на самой справе гэтую магчымасць адкінула. Цяпер пайшоў такі этап, калі Кураторыя будзе прымаць рашэнні, таму што мае такія магчымасці.

Кураторыя асветы, карыстаючыся фармальнымі прычынамі, плануе змяніць статуты ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску Падляшскім у пытанні абавязку вывучэння беларускай мовы. На гэты момант у статутах такі абавязак запісаны. На думку прадстаўнікоў нацменшасці, гэта стварае шлях для знішчэння беларускай адукацыі.

Кажа старшыня Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа:

Сапраўды мы праінфармавалі, парассылалі ў розныя польскія ведамствы, таксама і дамену высылалі нашу пазіцыю і высылалі ў іншыя месцы. Так што з нашага боку інфармацыйная справа наконт і становішча да нас як меншасці, экспертызы юрыдычныя, дастаўленыя ва ўсе дзяржаўныя адміністрацыйныя органы Польшчы, уключна з Міністрэствам адукацыі, Соймам Польшчы, канцылярыяй прэзідэнта.

Кураторыя асветы заяўляе, што не вядзе ніякай дзейнасці супраць беларускай нацыянальнай меншасці. Пра гэта гаворыцца ў каментары падляшскага куратара асветы Беаты Петрушка, які быў распаўсюджаны сёння як адказ на матэрыял у выданні “Кур’ер Паранны” па выніках учарашняй прэсавай канферэнцыі. У сваю чаргу прадстаўнікі нацменшасці заклікаюць падпісваць петыцыю на адрас Кураторыі і Міністэрства адукацыі з заклікам захаваць цяперашні характар адукацыі ў беларускіх ліцэях.

***

Кураторыя асветы ў Беластоку хоча змяніць запісы ў статутах гэтых навучальных устаноў, якія датычаць абавязку вывучэння беларускай мовы. Важна падкрэсліць, што абодва ліцэі існуюць амаль 80 гадоў, яны ствараліся менавіта на патрэбы беларускай нацыянальнай меншасці.

„Мы павінны абараніць наш ліцэй”, – кажа прадстаўніца бацькоўскай рады гайнаўскага белліцэя – Дарота Раманюк:

Столькі гадоў функцыянавання гэтай установы, столькі выпускнікоў, якія звязаныя з гэтым месцам, як са сваёй сям’ёй. Беларускі ліцэй, беларуская мова не перашкаджае, а дапамагае, каб гэтыя дзеці лепш развіваліся. Нельга ліквідоўваць ліцэй, трэба за яго змагацца.

Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства, прафесар Алег Латышонак, лічыць, што пытанне беларускіх ліцэяў шчыльна звязанае з агульнай палітычнай сітуацыяй:

– Безумоўна гэта палітычная справа, паколькі ўсё цяпер палітыка. За што б не ўзяліся, гэта будзе палітычная справа. А тут маем дачыненне са школамі беларускай нацыянальнай меншасці. Вядома, якія адносіны Польшчы і Рэспублікі Беларусь. Пра гэта сведчаць лісты Святланы Ціханоўскай, што гэта ўжо палітыка.

Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным гукавым файле.

На сайце petycjeonline.com ідзе збор подпісаў пад петыцыяй да Падляшскай кураторыі асветы і Міністэрства адукацыі і навукі з просьбай захаваць цяперашні характар адукацыі беларускай меншасці ў Польшчы, якую ўжо падпісалі 15 беларускіх арганізацый.

Беларускае Радыё Рацыя