Выстава беларускіх мастакоў «Час як рэнтген» у Беластоку



Чатыры беларускія калектывы будуць прымаць удзел у міжнародным фестывалі музыкі, мастацтва і фальклору “Падляшская актава культур” у ліпені ў Беластоку. А ўжо сёння ў Сподках а 18-й гадзіне адкрыецца выстава карцін шасці беларускіх мастакоў «Час як рэнтген». Прычына шматграннай і доўгай супрацы ваяводскага асяродку анімацыі культуры з Беларусю ў адкрытасці, прыцягальнасці, рознабаковасці беларускай культуры і ў высокім узроўні беларускіх артыстаў.

Пра выставу кажа Дырэктар ВОАКу Цэзарый Мелько:

– Сентэнцыяй выставы з’яўляецца грэцкая філасофія Геракліта, які казаў, што ўсё рухаецца, усё змяняецца. Мастакі паказваюць сваімі працамі тыя змены, паказваюць тую разнастайнасць. Сітуацыя ў Беларусі таксама змяняецца, таксама з’яўляецца разнастайнай. І зварот мастакоў вельмі эмацыйны, маўляў, нам залежыць на тым, каб паказваць той творчы патэнцыял. І гэта таксама наша роля, як ваяводскага цэнтра анімацыі культуры, каб патрымліваць меншасць беларускую.

На выставе «Час як рэнтген» свае працы пакажуць Уладзімір Злянко, Станіслаў Горскі, Анастасія Хобатава, Васіль Зянько, Глеб Отчык і Генадзь Козел. Выстава будзе адкрыта да 16-га траўня па адрасе Сподкі, вул. Святога Роха, 14.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя