Выстава і канцэрт памяці „выклятых жаўнераў” у Беластоку
Выстава памяці выклятых жаўнераў і канцэрт гурта DE PRESS адбудуцца ў Беластоку 28 жніўня. Гэтыя ўрачыстасці прымеркаваныя да 70-х угодкаў з дня смерці Дануты „Інкі” Седзікувы. 2016 год у Беластоку названы годам Седзікувны – санітаркі польскага пасляваеннага падполля, якая загінула ва ўзросце 18 гадоў.
Гэта магчымасць паказаць маладому пакаленню, як калісьці іх равеснікі служылі Айчыне, – кажа дырэктар Музея Войска Роберт Садоўскі:
– Данута „Інка” Седзікувна была прадстаўніцай трагічнага пакалення, яна змагалася за тое, каб Польшча была свабоднай і незалежнай. І заплаціла за гэта найвышэйшую цану. Яна стала адной з больш чым 200 тыс. жаўнераў, якія змагаліся ў лясах і вялі няроўную барацьбу. Выстава таксама і пра гэта.
Старэйшыя жыхары Нараўкі і ваколіцаў не ўспрымаюць польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем цяпер ўжо палкоўніка Зыгмунта Шэндзеляжа як герояў:
– Прыйшлі, пачалі забіраць усё, што ў нас было. А пасля майго бацьку збілі каламі.
Данута „Інка” Седзікувна нарадзілася ў ваколіцах Нараўкі. У 15 гадоў увайшла ў шэрагі партызанаў брыгады Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі”.
Дарэчы, на плакаце, які запрашае на мерапрыемства, санітарка „Інка” прадстаўлена з аўтаматам .
Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота radio.bialystok.pl