Выстава „Наша памяць” у Гайнаўцы
Ужо ў бліжэйшую нядзелю, 31 сакавіка, у Гайнаўскім доме культуры адкрыецца выстава ”Наша памяць”. Да выставы і падзей, якія прадстаўлены на 13 планшэтах, будзе прымеркаваны і даклад прафесара Універсітэта ў Беластоку Алега Латышонка пра падзеі, якія мелі месца на Беласточчыне на зломе студзеня-лютага 1946 года. Кажа Яраслаў Іванюк:
– Спадзяюся, што зацікаўленне гэтай выставай у Гайнаўцы будзе даволі вялікае, бо датычыць яна падзей, якія адбываліся менавіта на гэтай зямлі. У Гайнаўцы пражываюць яшчэ нашчадкі людзей, якія ў выніку гэтых трагічных падзеяў з 1946 года пацярпелі. Пры нагодзе такога тыпу сустрэчаў мы збіраем сродкі на працяг гэтага праекта.
Ахвяраванні, якія збіраюць арганізатары выставы, пойдуць на аднаўленне месцаў памяці загінулых у выніку дзеянняў аддзела польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса (псеўданім Буры), а таксама выданне асобнай кнігай дакументаў і ўспамінаў ахвяраў гэтых дзеянняў ды ўсталяванне памятных крыжоў у спаленых вёсках з надпісамі па-беларуску.
4 красавіка выставу змогуць паглядзець жыхары Нараўкі.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя