Выстава “Наша памяць” у Залешанах



29 студзеня ў Залешанах адкрылася аднадзённая выстава, прымеркаваная да 73-й гадавіны пацыфікацыі вёскі аддзелам капітана Рамуальда Райса „Бурага”.

На 13-ці планшэтах прадстаўлены фотаздымкі экспедыцый сябраў Беларускага гістарычнага таварыства і Kamunikat.org, якія былі праведзеныя летам мінулага  года з мэтай зарэгістраваць помнікі і магілы  на гэтак званым “крывавым шляху рэйду Бурага”.

Кажа суарганізатар выставы, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак:

– Гэта рухомая выстава – стэнды, на якіх паказаны шлях рэйду атрада Бурага, а таксама яго ахвяры на здымках, якія мы атрымалі з Інстытута Нацыянальнай Памяці. Але выстава перадусім паказвае сучаснасць: як захоўваецца памяць пра ахвяр, канкрэтна беларуская памяць, як жыхары гэтых вёсак і ўвогуле грамадскасць зах1оўвае памяць пра гэтых ахвяр.

Як адзначыў Алег Латышонак, выстава “Наша памяць“ рухомая і яе можна паказваць у розных месцах. Падчас прэзентацыі выставы можна будзе ахвяраваць грошы на аднаўленне ўжо існуючых помнікаў, а таксама на ўсталяванне крыжоў і шыльдаў у гэтых месцах.

Гутраку слухайце ў далучаным файле:

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com/jaroslaw.iwaniuk