Выяўлена чарговая партыя кантрабандных цыгарэт



Не спыняецца плынь нелегальных цыгарэт з Беларусі.

Падляшскае аддзяленне падатковай адміністрацыі выявіла кантрабанду чарговых паўмільёна пачак цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі. Транспарт, які спрабаваў увезці цыгарэты ў Польшчу, быў затрыманы блізу польска-літоўскай мяжы ў Будзіску:

– Супрацоўнікі Дзяржаўнай падатковай адміністрацыі з Будзіска затрымалі для правядзення кантролю латышскі грузавік. З прадстаўленых кіроўцам дакументаў вынікала, што ў прычэпе павінен быў знаходзіцца груз корму для жывёл. Грузавы аўтамабіль быў прасветлены і дагледжаны. У выніку дагляду высветлілася, што ён увесь запоўнены каробкамі з кантрабанднымі цыгарэтамі. У грузавіку, якім кіраваў 50-гадовы грамадзянін Латвіі, знаходзілася 500 тысяч пачак цыгарэт з беларускімі акцызамі. Іх кошт складае каля 7,5 млн зл.

Калі б гэтая кантрабанда трапіла ў нелегальны абарот, то дзяржаўная казна Польшчы згубіла б больш за 12 мільёнаў злотых. Распачатае следства, кіроўца арыштаваны, яму пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Ад пачатку года спынена кантрабанда 4,5 мільёнаў пачак нелегальных цыгарэт ацэначным рынкавым коштам каля 67 млн зл.

Беларускае Радыё Рацыя