Выяўлены чарговыя інфікаваныя на Падляшшы (абноўлена)
Стала вядома пра дванаццаць новых выпадкаў заражэння каронавірусам у Падляшскім ваяводстве. Яны пацверджаны ў дзевяці жыхароў Бельскага павету, адзін з іх – пажылы мужчына шпіталізаваны, іншыя знаходзяцца на хатняй ізаляцыі. Яшчэ двое інфікаваных – гэта маладыя мужчына і жанчына з Беластока, а таксама жыхар Беластоцкага павету. Асобы з найбліжэйшага кантакту знаходзяцца пад эпідэміялагічным наглядам.
Такім чынам, на Падляшшы 109 пацверджаных выпадкаў заражэння COVID-19.
* * *
Ваявода Падляшша і санітарны інспектар Падляшскага ваяводства паведамляюць пра яшчэ шэсць выпадкаў заражэння каронавірусам у рэгіёне, якія пацверджаны станоўчымі лабараторнымі даследаваннямі. Хворыя выяўлены ў Бельскім і Гайнаўскім паветах.
Усяго ў Падляшскім ваяводстве зарэгістравана 97 пацверджаных выпадкаў заражэння COVID-19.
***
Ваявода Падляшша і санітарны інспектар Падляшскага ваяводства паведамляюць пра чарговыя 9 выпадкаў заражэння каронавірусам у рэгіёне, якія пацверджаны станоўчымі вынікамі даследаванняў. Хворыя выяўлены ў Бельскім і Гайнаўскім паветах, у Беластоку і Ломжы.
Памёр 82-ух гадовы мужчына з Беластоку, які быў восем дзён таму шпіталізаваны ў Ломжы. Першапачаткова яго стан здароўя паправіўся, але цягам апошніх сутак раптоўна пагоршыўся. Нягледзячы на наяўнасць іншых хвароб, непасрднай прычынай смерці мужчыны быў Ковід–19.
На Падляшшы зафіксавана дзевяць чарговых выпадкаў заражэння каронавірусам. Яны пацверджаныя станоўчымі вынікамі лабораторных тэстаў. Гэта чатыры асобы з Бельскага павету, адна з Гайнаўскага, дзве з Сакольскага, адна з Манецкага павету і адна з Беластоку.
Усяго ў Падляшскім ваяводстве выяўлены 91 пацверджаны выпадак заражэння COVID-19.
У Польшчы агулам інфікаваныя каронавірусам 4102 асобы. Памерлі 94.
Беларускае Радыё Рацыя