XIV Міжнародны фестываль фальклору „Падляшскія сустрэчы”



XIV Міжнародны фестываль фальклору “Падляшскія сустрэчы” пройдзе ў гарадах і вёсках Падляшша. У Бельску Падляшскім адбыўся традыцыйны для мерапрыемства карагод-шэсце вуліцамі горада ўсіх удзельнікаў фестывалю ды выступленні каля ратушы і ў амфітэатры.

Гэты фестываль своеасаблівы, кажа дырэктар Бельскага дому культуры Эльжбета Фіёнік:

– Ёсць розныя фестывалі, ёсць розныя калектывы, але перадусім – гэта вакальныя калектывы, вакальна-інструментальныя, тут перадусім танец. Тое, што калектывы з розных краін паказваюць танец, які ён ёсць, які касцюм – гэта вельмі падабаецца людзям. Гэта не толькі краіны, якія побач з Польшчай, заўсёды ёсць калектывы з Амерыкі, з Азіі, з Афрыкі – цэлы свет прыязджае да нас. Мы праз танец пазнаем іншую культуру.

Сёлета ў “Падляшскіх сустрэчах” бяруць удзел калектывы з Албаніі, Балівіі, Чылі, Чэхіі, Харватыі, Індыі, Латвіі і Польшчы. Кажа арганізатар фестывалю Марэк Шыманьскі:

– У гэтым годзе больш краін, якія прыехалі з Паўднёвай Амерыкі, з Азіі, ну і з Паўднёвай Еўропы. Стараемся, каб кожны год былі іншы краіны. Беларусь была ў мінулым годзе, можа ў будучыні зноў выступяць „Падляшскіх сустрэчах”. У гэтым годзе беларускага калектыву няма.

1-га жніўня калектывы выступяць у Шэпетове і Высокім Мазавецкім, а заўтра – у Цеханоўцы. У суботу ўбачыць танцы трох частак свету можна будзе ў Падляшскім музеі народнай культуры. Завершыцца фестываль у нядзелю гала-канцэртам у Браньску.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя