XVII Белавежскія мастацкія інтэграцыі „Пэрэточэ”



XVII Міжнародныя мастацкія інтэграцыі „Перэточэ” пачаліся ў Белавежы.

Гэты фестываль кожны год збірае шмат гасцей, у тым ліку турыстаў, кажа старшыня рады гміны Белавежа Уладзімір Ваўкавыцкі:

– Я ж ведаю тут усіх людзей. Глядзеў на гледачоў – 20% нашых, а астатнія прыезджыя. Я ведаю людзей, яны ўжо напэўна 5-6 раз прыязджаюць на „Перэточэ”, здымаюць кватэру паў гады наперад. Я думаю, што частка з тых, хто прыедзе ўпершыню, будзе вяртацца.

Штогод арганізатар фестывалю Мікалай Бушка імкнецца запрашаць у Белавежу новыя калектывы. Абавязковае патрабаванне – жывы гук. У гэтым сакрэт непаўторнага гучання кожнага „Перэточэ” ды інтарэсу да гэтай падзеі. Але ёсць і іншыя цікавосткі, кажа Мікалай Бушка:

– У гэтым годзе элементы лагеру, бо вялікі лагер. Воз, двое коней, паехалі з гуцульскім калектывам запрашаць на „Перэточэ”. Думаю, што кожны год нейкая цікавостка ёсць.

У першы дзень фестывалю выступілі беларускі танцавальны ансамбль „Падляшскі вянок” і ансамбль славянскай музыкі „Гай” з Беластока, „Падляшскія кукулькі” з Бельска Падляшскага, габрэйскі хор „Цліль” з Варшавы, ансамбль „Славянкі” з Кракава, а таксама гуцульская капэля „Серпанак” з Украіны.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя