XXI „Трыялог” у Крынках: „Беларусь – гэта жанчына”
„Беларусь – гэта жанчына” – пад такім лозунгам 27 – 28 жніўня Фонд Villa Sokrates ладзіць сёлетні XXI „Трыялог” у Крынках на Беласточчыне.
„Тэма сёлетняга „Трыялога” інспіраваная падзеямі крыху больш чым дванаццаці апошніх месяцаў на Беларусі. За гэты час шмат чаго адбылося, і гэта рэчы настолькі важныя, новыя і небывалыя, што ўсе мы зачараваныя, загледжаныя, услуханыя і заінтрыгаваныя развіццём падзей. Улетку мінулага года з’явіўся нізавы, спантанны грамадскі рух, здамінаваны жанчынамі і на чале якога сталі тры маладыя, прыгожыя і смелыя, звычайныя беларускія жанчыны”, – гаворыцца ў тытульным тэксце а. Кастуся Бандарукa да XXI „Трыялогу”.
Арганізатары мерапрыемства хочуць даць слова беларускам, якія стаяць на перадавой барацьбы з рэжымам Лукашэнкі ва ўсіх сферах жыцця.
27 жніўня Фонд Villa Socrates запрашае на адкрыццё выставы „КАЛІ ФОРМЫ СТАНОВЯЦЦА СТАЎЛЕННЕМ”.
28 жніўня ў межах XXI „Трыялогу” адбудуцца Дыскусіі:
11:00 – 12:30 / літаратура: Валярына Кустава, Таццяна Нядбай, Наталля Русецкая
13:00 – 14:30 / культура: Вольга Гардзейчык-Мазярска, Леся Пчолка, Ганна Чыстасердава
15:30 – 17:00 / палітыка: Алена Агарэлышава, Наталля Васілевіч, Вольга Кавалькова, Вольга Сямашка.
Мадэратар: Мікалай Ваўранюк.
А 20:30 пройдзе канцэрт этна-электроннага праекту SHUMA.
Беларускае Радыё Рацыя