XXI “Трыялог” у Крынках (трансляцыя) (абноўлена)



Запрашаем глядзець жывую трансляцыю з XXI “Трыялогу” у Крынках на нашым сайце.

 

* * *

Палітыка: Алена Агарэлышава, Наталля Васілевіч, Вольга Кавалькова, Вольга Сямашка.

“Упершыню за апошні год я так блізка знаходжуся да дому, да Беларусі”, – заўважыла падчас Трыялогу у падляшскіх Крынках Вольга Кавалькова. Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады, яна вымушана жыве ў Польшчы. Знаходзячыся блізка да мяжы, Вольга таксама закранула тэму ўцекачоў, якія цяпер масава “штурмуюць” усходнія граніцы Еўразвязу:

„Мэту Аляксандра Лукашэнкі, і ўвогуле логіку ў дзеяннях уладаў Беларусі я б не шукала. У дадзеным выпадку яны сапраўды ствараюць гэтую праблему, яны сапраўды стварылі нейкі бізнэс каб выдаваць візы, праводзіць у Беларусь людзей і потым іх накіроўваць у Еўрапейскі Звяз. І ў прынцыпе сведчанні тых людзей, якіх перавозяць, проста кажуць пра тое, што яны ведалі куды едуць – у Еўропу. Гэта выглядае, як дзеянні чалавека, якога пакрыўдзілі”.

Што да тэмы Трыялогу” – “Беларусь гэта жанчына” – Вольга Кавалькова адзначае наступнае:

„Слухайце, я думаю што ў Беларусі свабодны і міралюбівы твар, я б так адзначыла. Гэта такое пытанне, у якім мне не хочацца кагосці там вызначаць. Я ведаю, што жанчыны ўзялі на сябе вельмі шмат адказнасці ў гэтую кампанію, і сапраўды – яны сталі такім рухавіком падзей, якія адбываліся. Але я б тут дадала, што і мужчыны былі ў першых шэрагах”.

Агулам падчас Трыялогу на тэму ролі жанчын дыскутуюць з розных пазіцый: літаратурнай, культурнай, палітычнай. Мерапрыемства завершыцца вечарам двума канцэртамі, а сцэна стаіць непасрэдна на адной са старых крынкаўскіх вулачак.

* * *

Культура: Вольга Гардзейчык-Мазярска, Леся Пчолка, Ганна Чыстасердава

“Беларусь – гэта жанчына” – назва “Трыялогу” ў Крынках. І з гэтым пагаджаецца паэтка, перакладчыца, выкладчыца Люблінскага ўніверсітэта Наталля Русецкая, удзельніца дыскусійнай часткі мерапрыемства. На яе думку, у Беларусі – сапраўды жаночы твар:

– Калі я размаўляла з рознымі сваімі знаёмымі, прадстаўнікамі беларускай культуры, мастакамі, музыкамі, тэатральнымі дзеячамі, то ў прыватных размовах часта гучала, што менавіта прэзідэнтка павінна прыйсці ў Беларусь. І тады ў Беларусі зменіцца ўсё: зменіцца лад жыцця, зменіцца палітычны лад і ўсё пойдзе ў лепшым кірунку. Таму для мяне Беларусь заўсёды была і застаецца жанчынай.

Фатограф  Леся Пчолка, якая падчас леташніх пратэстаў задакументавала ў фотаздымках найважнейшыя пратэставыя акцыі, мае іншае меркаванне. Яна лічыць, што твар Беларусі – гэта твар усёй нашай грамадскай супольнасці, таксама як і беларуская рэвалюцыя мае твар усіх яе ўдзельнікаў:

– Гэта рэвалюцыя новай супольнасці, якая проста развівалася многа гадоў, ішла ў тым кірунку, што вырашала праблемы сацыяльныя, палітычныя, падтрымкі. А зараз ужо не можам ужывацца ў адной краіне з рэпрэсіўным апаратам дыктатуры і з добра развітай супольнасцю. Проста мала месца.

У падляшскіх Крынках праходзіць чарговая дыскусія ў межах XXI „Трыялогу”. Гэта мерапрыемства запачаткаваў выбітны беларускі і польскі пісьменнік і публіцыст Сакрат Яновіч. Цяпер яго спадчыну захоўвае і развівае Фонд Villa Sokrates.

* * *

Літаратура: Валярына Кустава, Таццяна Нядбай, Наталля Русецкая 

Узгадкай пра Алеся Разанава пачалася асноўная частка “Трыялогу” у Крынках. Акурат сёння Беларусь развітваецца са сваім вялікім паэтам.

Як кажа паэтка Валярына Кустава, гэта сапраўдная трагедыя, страта як для ўсяго беларускага народу, так і для яе асабіста. Алесь Разанаў стаў для Валярыны “хросным бацькам” у літаратуры, напісаўшы рэцэнзію на вершы пяцігадовай дзяўчынкі:

– Гэта страта, мяркую, для ўсёй літаратурнай супольнасці, для ўсёй еўрапейскай літаратуры, бо Разанаў быў і ёсць творцам калі не касмічнага, то сусветнага маштабу. За ім не засталося ніякіх негатыўных, скажам, успамінаў, ніякіх брыдкасцяў. Ён быў асобай адназначнай у плане сваёй мудрасці і глыбіні.

Першая частка дыскусій падчас “Трыялогу” прысвечаная літаратуры. Акрамя Валярыны Куставай, удзел у ёй бяруць Наталля Русецкая і Таццяна Нядбай.

* * * 

“Калі формы становяцца стаўленнем”  – выставай пад такой назвай адкрыўся XXI “Трыялог” у падляшскіх Крынках.

Змест выставы адлюстроўвае апошнія падзеі ў Беларусі з выкарыстаннем сучасных мастацкіх формаў. Кажа куратарка выставы Ілона Дзяргач, якая з прычыны закрыцця граніц не магла прыехаць асабіста, і пагаварыла з прысутнымі праз інтэрнэт:

– Тэма “Трыялогу” “Беларусь – гэта жанчына”. І для мяне гэта нейкі дваякі тэрмін, бо з аднаго боку, у нас ёсць нелегітымны “прэзідэнт”, які кажа, што “любимую не отдают”. А з іншага боку, менавіта жанчына з’яўляецца актыўным прадстаўніком Беларусі зараз. Гэта Святлана Ціханоўская. І для нас гэтая фраза з абодвух бакоў.

Мастачка Жанна Гладко як адзіная змагла прысутнічаць на выставе з усіх васьмі аўтараў. Яна цяпер жыве ў Нямеччыне, а таму не мела праблем з тым, каб прыехаць у Крынкі:

– Я вельмі рада, што ў мяне ёсць магчымасць зараз знаходзіцца тут. Бо не кожная беларуская мастачка здольная ў гэты час, складаны для Беларусі, працягваць працаваць і быць дзесьці па-за межамі Беларусі. З гэтага пункту гледжання гэтая выстава, я лічу,  важная падзея. Таму што беларускія мастачкі маюць голас, і іх выказванні могуць быць бачнымі і пачутымі.

Выстава “Калі формы становяцца стаўленнем” працуе ў Галерэі “Крынкі”. А сам “Трыялог” працягнецца сёння ў выглядзе дыскусій на тэму “Беларусь – гэта жанчына” і вечаровых канцэртаў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя