„Я перанасіў вельмі шмат чаравікаў”. Выстава EGORA OK у Цэнтры Беларускай Салідарнасці
У Варшаве ў Цэнтры Беларускай Салідарнасці адкрылася выстава беларускага мастака EGOR OK „Я перанасіў вельмі шмат чаравікаў”. Аўтару – 21 год, у яго аўтызм, але адна з яго работ ужо знаходзіцца ў калекцыі аўстралійскай актрысы Кейт Бланшэт.
З чаго ўсё пачалося, распавядае дырэктар школы ЦБС Хэлена Нядзьведзька:
– З Ягорам я пазнаёмілася хіба два месяцы таму. У мяне была запланаваная паездка ў Лондан. Там была дыскусія на тэму як мы можам дапамагчы дзецям, якія пацярпелі ад вайны і ад рэпрэсіяў. І гэтую дыскусію вяла Кейт Бланшэт. І праз нейкі час да мяне звярнулася мама Ягора. Прыйшла да нас у ЦБС і сказала, што яе сын вельмі прыгожа малюе і намаляваў партрэт Кейт Бланшэт. І папрасілі мяне, каб я яго адвезла ў Лондан. У Лондане я аддала гэты малюнак Кейт Бланшэт. Ёй вельмі спадабалася.
Цяпер на выставе „Я перанасіў вельмі шмат чаравікаў” можна ўбачыць графічныя творы, натхнёныя Дэвідам Лінчам, Стэнлі Кубрыкам, Стывенам Спілбергам, Чарлі Чаплінам, Дэвідам Боўі, Куртам Кабейнам і іншымі. Падзея будзе працягвацца тыдзень. Адкрыццё імпрэзы падтрымалі спявачкі Ketevan і Lear.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя