“Я ўсё магу патлумачыць”
“Я ўсё магу патлумачыць” – такі назоў мае выстава маляваных дываноў беларускага мастака Максіма Осіпава, што адкрылася ў выставачнай залі цэнтра „Асторыя Бізнес” у Беластоку.

Выставу складае серыя чорных палотнаў-дываноў, на якіх мастак прадстаўляе біблейскія ці гістарычныя постаці з вядомых карцін ці іконаў у кантэксце сучасных падзей у Беларусі. Размаляваныя на чорным палатне нагадваюць колішнія габелены, якія сустракаліся ў шляхецкіх палацах.

“ Маляваныя дываны – гэта маладаследаваны жанр мастацтва ў Беларусі. І таму вельмі цікавы,” – кажа мастак Максім Осіпаў:
– Гэта прыклад дэкаратыўнага мастацтва, але ў ім была нейкая свая, як кажуць іскра Божая, якую цяжка растлумачыць словамі. Дыван мае нейкія атрыбуты ўласнай візуальнай мовы. На гэтай мове можна распавядаць не толькі наіўныя гісторыя, як я спрабую распавесці. Любыя гісторыі могуць быць расказаныя на гэтай мове. Я магу ўзяць матывы дывана, матывы сусветнага мастацтва і зрабіць з іх уласную гісторыю.
Выставу “Я ўсё магу патлумачыць” беларускага мастака Максіма Осіпава ладзіць беларуская дыяспара ў Беластоку супольна з фондамі „Беларусь 2020” і „Тутака”. Можам яе адведаць па 28 лістапада.










Ганна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
