Як адаптавацца да жыцця ў эміграцыі?
Як адаптавацца да жыцця ў эміграцыі? Ці гэта нармальна – туга па Радзіме? Ці можна падрыхтавацца да такіх пераездаў?
На гэтыя ды іншыя пытанні распавяла „Госця Рацыі” псіхолаг, сямейны псіхатэрапеўт спадарыня Таццяна ў гутарцы з Алісай Поль:
– Пачнем з таго, што цалкам падрыхтавацца ні да чаго ў жыцці немагчыма. Зараз пераезд у чужую краіну рэдка звязаны з нейкай прыемнасцю. Можна папрацаваць у трох напрамках. Гэта інтэлектуальная падрыхтоўка, матэрыяльная і псіхалагічная. Пад інтэлектуальная я маю на ўвазе даведацца ўсё, што магчыма. Даведацца пра краіны, пра тую краіну, дзе давядзецца жыць у гэты складаны перыяд.
Даведацца пра стаўленне да мігрантаў, пра магчымасці працы, пра жытло, пра нюансы з жытлом. Вельмі часта людзі чакаюць тых жа ўмоў, як і ў Беларусі. Калі ты здымаеш жытло на месяц, плаціш за месяц, у цябе ёсць грош і г.д. У замежжы вельмі часта, калі ты глядзіш на кошт жытла, то да гэтага прыплюсоўваюцца дадатковыя кошты, таму могуць быць нечаканасці. Абавязкова трэба паглядзець усё, што тычыцца дакументаў. Якія дакументы патрэбныя для легалізацыі, для пераезду і г.д. Трэба паглядзець якую дапамогу ў прынцыпе можна атрымаць.
Другі момант – гэта матэрыяльная падрыхтоўка, гэта грошы, рэчы і лекі. Узяць максімум, што будзе патрэбна на першы час. Лекі, да якіх вы прызвычаіліся. Безумоўна псіхалагічная падрыхтоўка. Калі ўжо выкананыя пункты па матэрыяльнай падрыхтоўцы, у цябе ўжо ёсць адчуванне нейкага кантролю над сітуацыяй і псіхалагічна табе ўжо прасцей рабіць гэтыя крокі. Таксама блізкія людзі, таксама важна прасіць у іх маральнай падтрымкі, матэрыяльнай падтрымкі, духоўнай падтрымкі, псіхалагічнай падтрымкі.
Таксама збліжэнне з дыяспарай. У кожнай краіне зараз, дзе ёсць беларусы, нашыя дыяспары становяцца моцнымі. Гэта магутная падтрымка ва ўсіх сэнсах. Можна штосьці даведацца і адчуць сябе часткай сярод сваіх людзей. Пра псіхолага і самадапамогу. Вельмі важна, каб у гэты час быў псіхолаг, які можа правесці праз усе этапы адаптацыі, які дапаможа знайсці спосабы самадапамогі.
Менш чым праз тыдзень спаўняецца два гады з моманту падзей 2020 году. За гэты час з палітычных прычын дзясяткі тысяч беларусаў вымушаныя былі з’ехаць з краіны і да гэтага часу не вярнуліся на Радзіму.
Беларускае Радыё Рацыя