Як ідзе пабудова роварнага „Шляху Тызенгаўза”?



Цягам двух гадоў павінен быць створаны турыстычны роварны маршрут „Шляхам Тызенгаўза”.

Ён злучыць Саколку з Гародняй. Павінна быць створана якасная роварная сцежка ўздоўж возера Юбілейнае, якая з беларускага боку працягнецца ад Брузгоў да Гародні. Але, пакуль, як бачна, працы ў раёне возера не пачыналіся.

Якая роварная сцежка існуе цяпер? Пракладзеная яшчэ ў савецкі час кароткая асфальтавая сцежка пашкоджаная, пралягае праз карані, якія выпнуліся з-пад зямлі, а таксама зарослая дзе-нідзе хмызам. Даводзіцца прабірацца едучы па так званай сцежцы, каб не сапсаваць ровар і не сутыкнуцца з сустрэчным небаракам-раварыстам. Асфальтавая „тарка” месцамі перарываецца кепска засыпанымі траншэямі, якім гадоў дваццаць, калюгамі ды праваламі зямлі. Тая частка паласы для раварыстаў, якая пралягае па шашы, усцяж засыпана пяском ды бітым шклом!

На пабудову сцежкі і праект у цэлым ужо выдаткаваны першы транш. Пакуль відочных зменаў ад інвестыцыйнага праекту „Аўгуст Вела”, які злучыцца з міжнародным роварным шляхам Grееn Vеlо, не відаць. Да яго завяршэння яшчэ трохі больш за паўтары гады. А што з роварнай сцежкай ад Саколкі да памежнага пераходу ў Кузніцы з польскага боку? Яе таксама пакуль не відаць.

Беларускае Радыё Рацыя