Як лічацца галасы на выбарах у Сойм Польшчы?



У нядзелю ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Польшча з’яўляецца парламенцкай рэспублікай, таму выбары ў галоўны заканадаўчы орган тут асабліва важныя.

У Польшчы ёсць дзве палаты Парламента – вышэйшая – Сенат, і ніжэйшая – Сойм. Абедзве палаты абіраюцца ў адзін дзень на чатырохгадовы тэрмін. Выбары ў Сенат дастаткова простыя – краіна дзеліцца на 100 акругаў і з кожнай выбіраецца па адным сенатары паводле мажарытарнай сістэмы. У той жа час выбары ў Сойм – ніжэйшую палату Парламента, якая складаецца з 460 дэпутатаў, прапарцыйныя, заснаваныя на выбарчых спісах. Спісы фармуюцца выбарчымі камітэтамі, якія ствараюцца альбо партыямі, альбо аб’яднаннямі выбарцаў, спецыяльна зарэгістраванымі на час кампаніі. Пра тое, як адрозніваюцца выбарчая сістэма ў Польшчы ад тэарытычнай беларускай, распавядае палітолаг Аляксандр Папко:

Калі польскі выбарца прыходзіць на ўчастак, ён атрымлівае два бюлетэні, якія маюць розныя колеры і розную форму. Адзін з іх – гэта жоўты аркуш для галавання ў Сенат. Другі аркуш белага колеру мае некалькі старонак. Чаму ён мае некалькі старонак? На кожнай старонцы надрукаваны спісы кожнай асобнай партыі, кожнага выбарчага камітэту, якія вылучаюць свае кандыдатуры на выбары. І чалавек, атрымліваючы гэтыя бюлетэні, павінен паставіць крыжык, зразумела, насупраць аднаго прозвішча. Калі выбары ў Сенат праходзяць па аднамандатных акругах, паводле мажарытарнай сістэмы, якая звыклая для беларусаў, польскі выбаршчык проста ставіць крыжык насупраць прозвішча свайго кандыдата. Калі ён галасуе у выбарах у Сойм, якія адбываюцца адначасова з выбарамі ў Сенат, то ён, першае, знаходзіць старонку, аркуш паперы са спісам сваёй партыі, і другое, сярод усіх кандыдатаў пазначаных у гэтым спісе, ён шукае таго, які яму падабаецца найбольш. Такім чынам, ён галасуе адзін раз, але адначасова галасуе і за партыю, і за кандыдата. Пазней пры падліку галасоў лічацца, самае галоўнае, галасы аддадзеныя за партыйныя спісы, а затым лічацца галасы, аддадзеныя за кожнага канкрэтнага кандыдата. У Парламент патрапляюць тыя кандыдаты, якія набралі больш за ўсё галасоў.

Пры выбарах у Сойм краіна дзеліцца на 41 акругу. Ад кожнай акругі абіраецца ад 7 да 20 дэпутатаў, у адпаведнасці з колькасцю жыхароў. У свеце існуе некалькі спосабаў падліку галасоў пры прапарцыйнай сістэме, у Польшчы карыстаюцца метадам Д’Онта – названым у гонар бельгійскага матэматыка. У ніжэйшым прыкладзе пакажам, як яна працуе.

Возьмем акругу, з якой мае абрацца 8 дэпутатаў. На такой акрузе кожны выбарчы камітэт можа выставіць ад 8 да 16 кандыдатаў. Для спрашчэння, уявім, што ў выбарах у акрузе бяруць удзел 3 выбарчыя камітэты. Камітэт А выставіў 16 кандыдатаў, камітэт Б – 12, і камітэт В – 8.

У выбарах узяло ўдзел 1500 чалавек. За камітэт А прагаласавала 720 чалавек, за камітэт Б – 480 , а за камітэт В – 300. Як гэтыя галасы пераўтварыць у мандаты?

Першы крок – вылічэнне выбарчых каафіцэнтаў. Для гэтага галасы, аддадзеныя за кожны камітэт дзеляцца на натуральныя лічбы, пачынаючы з адзінкі.

 

Лічба \ Камітэт А Б В
1 720 480 300
2 360 240 150
3 240 160 100
4 180 120 75
5 144 96 60

                    4 мандаты                     3 мандаты             1 мандат

Далей, атрыманыя лічбы з табліцы упарадкоўваюцца паводле спадання. Бяруцца першыя 8 лічбаў – 720 (А), 480 (Б), 360 (А), 300 (В), 240 (А), 240 (Б), 180 (А), 160 (Б).

Такім чынам, камітэт А атрымлівае 4 мандаты, камітэт Б – 3, камітэт В – 1 мандат.

Сярод 16 кандыдатаў камітэта А дэпутатамі становяцца тыя, хто набраў найбольш галасоў сярод свайго спіса. Падобна з 12 кандыдатаў камітэта Б у Парламент абраныя трое найбольш паспяховыя, гэтаксама з 8 кандыдатаў камітэта В дэпутатам становіцца той, за каго свой голас аддало найбольш выбарцаў. Такім чынам, пасля падліку галасоў моцныя партыі становяцца яшчэ мацнейшымі, а слабыя – яшчэ слабейшымі.

Акрамя таго, каб патрапіць у Сойм, выбарчы камітэт павінен пераадолець бар’ер у 5% галасоў у маштабе краіны, у выпадку, калі камітэт прадстаўляе кааліцыю партый гэты паказнік складае 8%. Гэтае правіла не датычыць камітэтаў нацыянальных меншасцяў.

Польская выбарчая сістэма спрыяе як міжпартыйнай канкурэнцыі, так і ўнутрыпартыйнай, бо падчас агітацыі кожны кандыдат з выбарчага спісу павінен пераканаць выбарцаў прагаласаваць менавіта за яго, а не за калегу з партыі.

У верасні гэтага года ў Польшчы прайшоў рэферэндум, у якім ставілася пытанне пра ўвядзенне мажарытарных акругаў у выбарах у Сойм, аднак з-за надзвычай малой яўкі яго вынікі аказаліся неістотнымі.

Падрыхтаваў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Гукавы фармат матэрыяла