Як паказаць рэгіянальны каларыт?
На гэта пытанне шукалі адказ у Бельску Падляшскім. У мясцовым Доме культуры прайшла сустрэча з Марэкам Уладзіміравым – рэжысёрам, звязаным з Бельскам Падляшскім, кіраўніком Таварыства кінематаграфічнай адукацыі. Творца расказваў пра працэс стварэння фільмаў, якія таксама прэзентаваў у час мерапрыемства.
“Хачу паказаць, што Бельшчына можа быць выдатным месцам для творчасці, а таксама для жыцця,” – кажа Марэк Уладзіміраў:
– Усё жыццё – у Бельску Падляшскім. Я адзін з нямногіх, хто не выехаў, а хацеў штосьці рабіць, тварыць, не пагружаючыся ў лакальны мараз і не гаворачы, што тут нічога не адбываецца. Скіраваў свой позірк на тое, што, на маю думку, ёсць найцікавейшым. Гэта памежжа. Стык розных культур, спосабаў мыслення, светапоглядаў. І гэта для мяне ёсць найцікавейшым, яно захапляе, таму гэта і паказваю.
Дагэтуль Марэк Уладзіміраў рэалізаваў больш за 30 праектаў, сярод якіх, між іншым, фільмы, прысвечаныя Віктару Шведу, шаптухам, Белавежскай Пушчы, а таксама праект „Драўляныя цэрквы Падляшша 3D».
У планах рэжысёра – вобразы мастака Віктара Кабаца ды пісьменніка Міхала Андрасюка. Марэк Уладзіміраў будзе таксама працаваць над стварэннем другой часткі вядомага фільма «Знахар».
[Not a valid template]
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск
Фота аўтара