Як палепшыць інфраструктуру Аўгустоўскага канала?



Гарадзеншчына спадзяецца на далейшае развіццё турыстычнага патэнцыялу зоны Аўгустоўскага канала. Паводле агучаных нядаўна лічбаў, за год ад часу ўвядзення бязвізавага ўезду Гародню і рэгіён наведала больш за 43 тысячы турыстаў з 65 краіны. Яны пакінулі больш за 10 мільёнаў даляраў. Аднак надалей застаецца адкрытым пытанне з інфраструктурай, асабліва на Аўгустоўскім канале. Як адзначае прафесар факультэта менеджменту Беластоцкай палітэхнікі Святлана Куль-Сяльверстава, галоўная праблема ў тым, што ў гэтай зоне няма магчымасцяў для вялікіх інвестыцый:

– З гэтага боку канала — памежная ахоўная зона, з другога боку канала – амаль што паўсюль лес. І гэта такі лес, які не вырубіш. Плюс там ідуць доты – умацаванне 96-га раёна – уздоўж канала. То бок, туды ўлазіць з нейкімі вялікімі інвестыцыямі вельмі цяжка.

Святлана Куль-Сяльверстава мае прапанову, як вырашыць гэтую праблему. Яна лічыць, што трэба аб’яднаць мясцовыя аграсядзібы ў адзіны кластар:

То бок, іх трэба аб’яднаць, даць магчымасць цэнтраваць, акумуляваць капіталы на вырашэнне нейкіх пытанняў. Напрыклад, дарога, інтэрнэт. Каб маглі людзі кааперавацца. І вось гэты кластар уключыць у еўрарэгіён «Нёман», каб яно працавала на тых самых умовах. Тады будзе лягчэй будавацца, бо мыта другое, транспарт па-іншаму будзе каштаваць, матэрыялы будуць, людзі хутчэй пойдуць.

Падобны досвед супольных дзеянняў ёсць, да прыкладу, на Падляшшы. Так, Белавежскае агратурыстычнае таварыства “Зубр” аб’ядноўвае на сёння больш за паўсотню агратурыстычных гаспадарак.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя