Як палякі ставяцца да беларусаў?
35% палякаў ставяцца да беларусаў пазітыўна, 29% — негатыўна, 36% — абыякава, сведчаць вынікі апытання аб стаўленні да людзей розных нацыянальнасцяў, праведзенага Інстытутам сацыяльных і рынкавых даследаванняў (IBRIS) на замову польскага выдання Onet.
-
Фота: lv.sputniknews.ru
Толькі 8% апытаных адказалі, што ставяцца да беларусаў дакладна станоўча, яшчэ 27% заявілі пра хутчэй станоўчыя адносіны. Рашуча негатыўна настроеныя 11% апытаных, хутчэй нэгатыўна — яшчэ 18%. Астатнія 36% заявілі пра «абыякавае» стаўленне да беларусаў.
Сярод замежнікаў палякі лепш за ўсё ставяцца да амерыканцаў: пра пазітыўнае стаўленне кажуць 72% апытаных, і толькі 2% ставяцца хучэй нэгатыўна.
Акрамя таго, у Польшчы даволі добра ставяцца да суседзяў — чэхаў (станоўча ставяцца 63% апытаных) і славакаў (62%).
Сярод прадстаўнікоў усходне-славянскіх краін лепш за ўсё палякі ўспрымаюць украінцаў: 53% ставяцца да іх станоўча і толькі 20% — адмоўна. Гэта лепш, чым перад пачаткам вайны (тады пра станоўчыя адносіны казалі 48% палякаў.
Беларускае Радыё Рацыя
