Як перасекчы мяжу ва ўмовах каронавіруса
Як ва ўмовах каронавіруса без каранціну перасекчы беларуска-польскую мяжу і праехаць праз Польшчу транзітам. Апынулася, што не толькі кіроўцы ціраў могуць гэта зрабіць. У выпадках форс-мажору можна атрымаць адпаведны дазвол.
Такая патрэба ў прыватнасці ўзнікла ў слухачкі нашага радыё з Гарадзенскай вобласці. Узнікла патрэба паехаць у Нямеччыну, каб забраць на радзіму свайго сына, дзе таму рабілі аперацыю. У гэтых умовах праходзіць двухтыднёвы каранцін у Польшчы немагчыма, гаворка ідзе толькі пра транзіт. Дазвол на яго выдае санітарны інспектар у Саколцы.
Пра гэта паведаміў дзяжурны памежнага пераходу ў Кузніцы:
– Дазвол падчас каранціну можа выдаць толькі санітарны інспектар. Перад уездам у Польшчу трэба патэлефанаваць санітарнаму інспектару і папрасіць пра згоду на вызваленне ад каранціну. Двухразовы, бо раз уедзе, выедзе з Нямеччыны, а потым на вяртанне. У гэтым выпадку, калі б уязджала ў Кузніцы, то ў Саколцы.
Нагадаем, што ў Польшчы межы закрыты для руху асабістага аўтатранспарту з 15-га сакавіка і прынамсі да 3-га траўня іх адкрываць не плануецца.
Беларускае Радыё Рацыя
