Як Польшча перажывае страйк настаўнікаў?



У панядзелак па ўсёй Польшчы распачалася забастоўка польскіх настаўнікаў. Сітуацыя ў школах і дзіцячых садках пад кантролем. Большасць дзяцей застаецца з бацькамі. Заняткі праводзяць тыя настаўнікі, якія не далучыліся да забастоўкі. Кажа дырэктар пачатковай школы №4 у Беластоку Збігнеў Клімовіч:

– У школу прыходзіць цягам усяго дня да 10% усіх вучняў, якія вучацца тут. Заняткі праходзяць у скарочанай форме, а пасля ўрокаў працуе святліца для тых дзяцей, бацькі якіх не могуць апекавацца імі дома. Калі казаць пра арганізацыю школы, то яна запланаваная, але я не ведаю, наколькі хопіць бацькам цярплівасці і магчымасцей.

Раніцай да забастоўкі ў Беластоку далучыліся 3234 асобы. У сталіцы Падляшша ў забастоўцы прымае ўдзел 114 са 136 навучальных устаноў. Падляшскі куратар асветы Беата Пятрушка запэўніла, што гімназіяльныя экзамены, якія пачынаюцца заўтра, не знаходзяцца пад пагрозай. Аднак толькі ў бліжэйшыя дні даведаемся, як яны будуць праходзіць і хто будзе ўдзельнічаць у іх правядзенні.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота: echodnia.eu