Як прагаласавалі беларусы, што жывуць ва Украіне
Стала вядома, як прагаласавалі беларусы, якія жывуць ва Украіне.
Грамадзяне Беларусі галасавалі ў Кіеве, на ўчастку № 117, які знаходзіцца на тэрыторыі беларускай амбасады, а таксама ў Адэсе, у Генеральным консульстве Рэспублікі Беларусь. У галасаванні бралі ўдзел пераважна тыя грамадзяне нашай краіны, якія стаялі на консульскім уліку.
Сумарна ў Беларускай амбасадзе ў Кіеве і Генеральным консульстве ў Адэсе, зарэгістравана 471 грамадзянаў Беларусі, якія стаяць на консульскім уліку. З іх прагаласавалі 341 чалавек, прычым людзей, якія вырашылі галасаваць датэрмінова, назбіралася ажно 80.
Вынікі ўжо вядомыя. За Аляксандра Лукашэнку аддалі галасы 280 украінскіх беларусаў, за Таццяну Караткевіч – 37, за Сяргея Гайдукевіча – 7. Ніводнага голасу не набраў Мікалай Улаховіч. Несапраўднымі прызнаныя 3 выбарчыя бюлетэні, супраць усіх прагаласавалі 14 грамадзянаў Беларусі.
Тыя беларускія грамадзяне, што не стаяць на консульскім уліку ў амбасадзе ці консульстве, таксама мелі права галасаваць. Але большасць з іх праігнаравалі прэзідэнцкія выбары.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя