Як працуецца ўкраінцам у Польшчы?
Украіна займае першае месца сярод краін Усходняй Еўропы па колькасці працоўных мігрантаў. Украінцы працуюць і ў Партугаліі, і ў Італіі, і ў Нямеччыне, і ў Вялікабрытаніі, і нават на далёкім Шпіцбергене. Яшчэ нядаўна больш за ўсё ўкраінцаў працавала ў Расейскай Федэрацыі, але пасля фактычнай вайны Расеі супраць Украіны іх колькасць значна знізілася.
Цяпер ці не самае жаданае месца працы для ўкраінцаў – Польшча. Як ставяцца да ўкраінскіх працоўных мігрантаў у Варшаве? Якія патрабаванні да іх? Ці змяняюцца светапогляды ўкраінцаў пасля працы на польскіх будоўлях?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагуратыў з чарнігаўскім інжынерам Максімам і яго жонкай Святланай, які амаль паўгода прапрацавалі ў Варшаве.
Максім: У Чарнігаве вялікія праблемы з працай. Знайсці нешта вартае ўвагі вельмі цяжка… Сабраў апошнія капейкі і паехаў.
РР: А хто вы па спецыяльнасці?
Максім: Інжынер-электрык.
РР: На якую зарплату можа разлічваць інжынер-электрык у Чарнігаве?
Максім: Да трох тысяч грывень (140 даляраў – РР).
РР: А якая зарплата інжынера-электрыка ў Варшаве?
Максім: Ад 2 да 4 тысяч злотых, усё залежыць ад кваліфікацыі, досведу і яшчэ розных чыннікаў.
РР: А якім чынам вы ўладкоўваліся на працу ў Польшчы – самі ці праз адпаведнае агенцтва?
Максім: Уладкоўваўся самастойна. Усё проста: у інтэрнэце знайшоў вакансію, дамовіўся на размову з працадаўцам. Прыехаў, пагутарыў і, пэўна, зрабіў добрае ўражанне. Атрымаў працу…
РР: Але ж, як вы расказвалі, што спярша вам давялося працаваць не па спецыяльнасці…
Максім: Так. Першы месяц працаваў дворнікам у варшаўскіх парках.
РР: Можна было спыніцца на гэтым. Але ж вы настойліва шукалі працу менавіта па спецыяльнасці! Як вам там працавалася?
Максім: Так, шукаў і нарэшце ўладкаваўся.
РР: Ці ёсць розніца паміж працай ва Украіне і працай у Польшчы?
Максім: Ты прыходзіш на працу, каб працаваць. Гэта тычыцца і Украіны, і Польшчы. Але ў Варшаве куды больш даверу. Калі мяне ўзялі на працу інжынерам-электрыкам, до даверылі вельмі каштоўныя электрычныя інструменты. Пры гэтым, чаму я вельмі здзівіўся, з мяне не патрабавалі ніякіх распісак, як гэта было б у нас.
Да размовы далучаецца Святлана, жонка інжынера Максіма.
РР: Вы таксама працавалі ў Варшаве?
Святлана: Так, швачкай у майстэрні.
РР: За якую зарплату, калі не сакрэт?
Святлана: Паўтары тысячы злотых. Безумоўна, гэта больш, чым я зарабляла б ва Украіне.
РР: А як там ставіліся да вас?
Максім: У Польшчы да працаўнікоў, безумоўна, ставяцца з большай павагай. Можа таму, што акурат у той момант былі актыўныя баявыя дзеянні ў зоне Антытэрарыстычнай аперацыі. Да ўкраінцаў ставіліся вельмі лаяльна, я б нават сказаў – з падкрэсленай павагай.
Святлана: Палякі вельмі талерантныя, не толькі да ўкраінцаў, але і да людзей іншых нацыянальнасцяў.
РР: Ці адчувалі вы нейкую розніцу ў стаўленне да сябе ў параўнанні з палякамі?
Максім: Я такога не заўважыў. Можа, з маіх польскіх калегаў патрабавалі нават больш, чым з мяне. Яны ўсё ж мясцовыя, ведаюць усе законы…
Святлана:
РР: Ці пачалі вы там вучыць польскую мову? Ці цікавіліся польскай гісторыяй, польскай культурай?
Максім: А як працаваць у Польшчы без ведаў польскай мовы? Вядома ж, вучыў. Не скажу, што мэтна, з падручнікамі. Нешта запамінался ў працэсе працы, нешта занатоўваў… Што тычыцца польскай культуры – вядома ж, мне гэта было цікава. Заўсёды, калі прыязджаеш у іншае месца, міжволі звяртаеш увагу на тое, чаго няма ў нас!
РР: Яшчэ колькі гадоў таму вы былі не надта праеўрапейскіх поглядаў на будучыню Украіны. Праца ў Варшаве неяк змяніла вашае стаўленне ў гэтым сэнсе?
Максім: Безумоўна! Цяпер мне не надта хочацца саюзу з Расеяй…
Святлана: Пасля таго, як я папрацавала ў Польшчы, на ўласныя вочы пераканалася, што палякі вельмі талерантныя і вельмі прыхільныя да нас, украінцаў.
Толькі летась украінскія працоўныя мігранты ў Еўразвязе пераслалі дахаты грошай на суму 7 міліярдаў 587 даляраў ЗША. Гэта наявялікшы паказчык сярод усіх еўрапейскіх краін. Але ж галоўны станоўчы вынік у тым, што ўкраінцы, якія потым вяртаюцца на Радзіму, становяцца значна больш праеўрапейскімі, чым раней.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара