Як Супрасль і Зэльва адраджаюць спадчыну ВКЛ



Усё больш падляшскіх самаўрадаў навязвае супрацоўніцтва з блізкім замежжам. Гміна Супрасль у межах еўразвязаўскай праграмы „Польшча-Беларусь-Украіна” наладзіла супрацоўніцтва з Зэльвай, што на Гарадзеншчыне. Якія праекты Супрасль і Зэльва маюць намер рэалізаваць?

Пра супрацоўніцтва мясцовых уладаў Супрасля і Зэльвы ды іншае распавёў „Госць Рацыі” бургамістр Супрасля Радаслаў Дабравольскі:

– Мы супрацоўнічаем не толькі з Зэльвай. Я быў у Беларусі, дзе мы падпісалі адпаведныя дамовы. Таксама мы супрацоўнічаем з украінскім бокам у межах еўразвязаўскага праекта „Польшча-Беларусь-Украіна”. Будуць ладзіцца канцэрты, фэсты ў Беларусі і Польшчы, сярод іншага ў рэканструяванай царкве ў Супраслі 16-га стагоддзя, якая памятае часы Вялікага Княства Літоўскага. У Зэльвенскім раёне ёсць Сынковіцкая царква. Мы хочам паказаць нашу супольную спадчыну часоў Вялікага Княства Літоўскага. Гэта супольная спадчына за захаванне якой змагаўся ў свой час Кастусь Каліноўскі. Галоўная наша мэта – гэта аднаўленне барочных спеваў, якія захаваліся ў рукапісных кнігах 17-га стагоддзя. Яны спяваліся на стараславянскай мове. Скампанаваў гэтыя творы Тамаш Шэвяроўскі, якога беларускія музыколагі называюць Бахам Беларусі ці Бахам Вялікага Княства Літоўскага. Яго творы мы хочам уваскрэсіць, гэта будзе ажно 50 твораў. Гэта творы, якія праваслаўныя і ўніяты ведаюць са сваёй літургіі. Думаю, што пра гэты праект вельмі шмат асобаў пачуе і думаю, што для нашых народаў: польскага, беларускага, украінскага, для тых народаў, якія складалі Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітую, ён будзе вельмі важным. Гэта пакажа на якім высокім узроўні на нашых землях была развіта музычная культура ў 17-м стагоддзі. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З бургамістрам Супрасля Радаславам Дабравольскім размаўляла Анна Шайкоўская.

Беларускае Радыё Рацыя