Як выглядае жыццё ў Кіеве ва ўмовах вайны?
Госць Рацыі – жыхар Кіева Васіль Ядчанка – відэаблогер і журналіст.
РР: Як можна патлумачыць інфармацыю пра тое, што ў Расеі забаранілі “Эхо Москвы” і тэлеканал “Дождь” – вельмі папулярныя СМІ ў РФ?
Васіль Ядчанка: Усё да гэтага ішло. Кацярына Шульман – вядомы палітолаг – яшчэ ў самым пачатку вайны сказала, што каналы хутка будуць адключацца і застануцца ў расіян толькі тэлеканал “Звезда” і “Россия1”. Але зараз не той час, каб тэлеканалы адключылі, і ўсе дэзарыентаваныя. Можна ўключыць інтэрнэт і ўсё можна глядзець. Я , напрыклад, не губляў “Эхо Москвы”, я яго працягваю глядзець і слухаць праз Ютуб. Зараз 21 стагоддзе. А з ім спрабуюць весці войны па ўмовах 20 стагоддзя. Гэта проста адставанне ў 100 гадоў у галовах тых, хто пачаў гэтую вайну.
РР: Як выглядае сітуацыя ў Кіеве?
Васіль Ядчанка: Учора ўначы ў цэнтры Кіева, дзе я жыву, было тры ці чатыры сур’ёзныя выбухі. Дом захістаўся, як быццам ад землятруса. Разбурэнняў не было.
РР: Заклікаюць не выходзіць на вуліцу. Сапраўды так страшна?
Васіль Ядчанка: Асабліва першыя дні страшна было заставацца дома. Таму што ты глядзіш навіны пра тое, што адбываецца, проста такі жах – жах. А калі ты выходзіш на вуліцу, ты разумееш, што жыццё працягваецца. І людзі ходзяць, і машыны ездзяць. Стаяць чэргі ў аптэкі, у магазіны. І ў прынцыпе ўсё працуе, усё прадаецца. Спачатку чэргі былі вялікія, а зараз яны зусім невялікія. Няма ніякага ажыятажу. Усё на паліцах ёсць.
За ўвесь час ніводнага разу не прапала святло, не выключыўся інтэрнэт і не прапала вада з крана. Газ не адключылі. Усё працуе.
РР: Як часта гучаць сірэны ў Кіеве?
Васіль Ядчанка: Яны гучаць часта, але не доўга. Калі зачынены вокны, і нешта глядзець, то сірэну зусім не чутно. Я арыентуюся на кіеўскія тэлеграм-каналы. Я ўсталяваў адмысловае прыкладанне, і калі пачынаецца паветраная трывога, у тэлефоне раздаецца адпаведны гук. Гэта адбываееца прыкладана кожныя дзве гадзіны. Але часта даюцца адбоі. Да бліжэйшага бамбасховішча ісці 40 секунд. Яно вельмі добра абсталяванае. Там ёсць і душ, і невялчікая кухня, і дастаткова памяшканняў і рамонт добры. Усё ж такі я абсталяваў сабе бяспечнае спальнае месца ў адпаведнасці з рэкамендацыямі, дома. Яно знаходзіцца ў калідоры, паміж сцен. А каб цалкам ноч у бамбасховішчы праводзіць, такога не было.
Ёсць, канешне, праблема, што зусім парушаецца рэжым сну і адпачынку. Даводзіцца засынаць у гадзін 5 – 6 раніцы.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: скрыншот з відэа facebook.com/Vasili.Yadchanka