Як жыве Львоў ва ўмовах вайны?
На сувязі з Радыё Рацыя – Львоў. Размаўляем з беларусам Валянцінам Цішко, які там знаходзіцца.
РР: Як зараз выглядае сітуацыя ў Львове?
Валянцін Цішко: Збольшага ў горадзе спакойна, адзінае, адчуванне, што вайна недзе блізка. Бо сірэны гудуць, вельмі вялікі наплыў людзей, шмат бежанцаў зараз едуць у Заходнюю Украіну. Але ўся інфраструктура працуе, магазіны працуюць, людзі, наколькі гэта магчыма, жывуць звычайным жыццём.
РР: У Львове вялікая колькасць уцекачоў, якія перамяшчаюцца з усходніх тэрыторый Украіны. Напэўна, большасць з іх імкнецца выехаць далей у Еўропу. Але шмат людзей застаецца у горадзе. Горад спраўляецца з наплывам уцекачоў? Ты таксама быў заангажаваны ў дапамогу. Як гэта выглядае?
Валянцін Цішко: У першыя дні вайны я бегаў на цэнтральны вакзал дапамагаць тым, хто прыязджае эвакуяцыйнымі цягнікамі. Дапамагалі дабрацца да раённых адміністрацый. Дзе ўжо іх рассялялі. Людей шмат, але я вельмі прыемна ўражаны паводзінамі мужчын-украінцаў, якія вывозілі сваіх жонак і дзяцей, а пасля ў нас, валанцёраў, пыталіся, як дабрацца да Кіева, каб абараняць краіну. Вядома, бывалі і выключэнні, калі мужчын лавілі на мяжы, пераапранутых у жанчын, альбо з ліпавымі дакументамі. Але збольшага мужчыны імкнуцца бараніць краіну.
РР: Як бы ты ахарактарызаваў настрой украінцаў у Львове? Ты, як беларус, сустракаўся з праявамі нянавасці?
Валянцін Цішко: Гэтай агрэсіі не так шмат як да рускіх, але ёсць выпадкі, я сам сутыкаўся, як валанцёр. Мяне сталі радзей запрашаць на дапамогу, калі даведаліся, што я беларус. А ў мяне зараз шмат знаёмых, якія ўцякалі з Кіева, шмат тых, хто мае статус палітычнага ўцекача ва Украіне. Яны таксама сутыкаюцца з дыскрымінацыяй, немагчыма зараз зняць жытло, калі ты беларус. Як толькі чуюць рыэлтары няправільную ўкраінсую мову, пачынаюць выведваць, ці вы беларус. І пачынаецца – вы агрэсары, з-за такіх як вы…, і так далей.
На жаль, ёсць гэтая агрэсія і дыскрымінацыя беларусаў.
А сама нацыя кансалідавалася вакол нацыянальнай ідэі.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: lviv.depo.ua