Як жывецца ў Грузіі?
26 мая Грузія адзначае Дзень незалежнасці. Пасля 2020-га года ў гэтую краіну прыехала больш за 13 тысяч беларусаў. Пра Грузію і жыццё там беларусаў распавядае Госця Рацыі – журналістка і менеджарка Юлія Катаржынская ў гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Было дзве хвалі пераезду беларусаў у Грузію – гэта пасля 2020 года і пасля пачатку вайны ва Украіне. Юля, ты доўга пражыла ў Грузіі, недзе два гады. Як ты глядзіш на гэтую краіну?
Юлія Катаржынская: Там ёсць і класныя, і кепскія рэчы. Першае, што я заўважыла, калі прыехала, гэта бабулькі, якія прадавалі цыгарэты паштучна альбо семкі ў газетных кульках. Я ўзгадала свае 90-ыя, калі я была яшчэ зусім маленькай. Але пры гэтым краіна, якая імкнецца ў Еўропу, якая вывучае ангельскую мову, там шмат розных культурных, адукацыйных праектаў. І адбываецца вось такое ў цэнтры еўрапейскага горада, як яны сябе называюць, прадаюцца цыгарэты і семкі ў газетах.
РР: Наколькі ўвогуле Грузія еўрапейская краіна?
Юлія Катаржынская: Яны вельмі хочуць у Еўропу, і яны называюць сябе еўрапейцамі, хоць хатні гвалт вельмі распаўсюджаны, тое, што выкрадаюць нявест і паўнагадовых, і непаўнагадовых – гэта страшна. Толькі зараз з’явіўся закон аб крымінальнай адказнасці за такое. Але пры гэтым у тых жа гарах дагэтуль гэтая традыцыя захоўваецца. І паўгода таму двое мужчын непадалёк ад Тбілісі скралі непаўнагадовую дзяўчыну з мэтай ажаніцца.
РР: Многія кажуць, што Грузія – гэта краіна кантрастаў. Чым прываблівае гэтая краіна?
Юлія Катаржынская: Там вельмі класная прырода. Ты едзеш на поўнач – там снег і горы, ты едзеш на захад – там ёсць мора, ты едзеш на поўдзень – і там квітнеюць сады, там вельмі шмат садавіны, і ўвесь час гэта разнастайны ландшафт. У Грузіі мне вельмі падабаецца, што няма вось гэтай жудаснай бюракратыі. Ты захацеў ажаніцца, набыць нейкую нерухомасць, зарэгістраваць ІП, прыходзіш у адзін будынак і робіш гэта за гадзіну. Усё вельмі хутка, усё вельмі проста, усё адразу на месцы. Але пры гэтым людзі ў горадзе могуць насіць з сабой зброю, стрэльбу альбо нож, альбо штосьці яшчэ. І вось апошнім часам пытанне бяспекі стала такім вельмі крытычным
РР: Адрозненне, калі ты прыехала ў Грузію і перад ад’ездам. Як змянілася Грузія за гэтыя два гады?
Юлія Катаржынская: Мне вельмі падабаецца, што з’явілася такая ініцыятыва як “Паркер мінда”, калі ты можаш раздзяляць смецце, паасобна збіраць, пасля выклікаць таксоўку, якая прыязджае і забірае вось тут пластык, вось тут шкло і штосьці іншае. Калі гэтая ініцыятыва збіраецца і прыбірае горад. Мне вельмі спадабалася, што з’явіўся закон аб хатнім гвалце, што жанчыны сталі троху абароненыя ў гэтым плане, таму што раней гэта было проста жудасна. І там кожны месяц былі хатнія забойствы. Вельмі класна, што з’явіўся закон аб дамаганнях. Калі ты адчуваеш нейкую небяспеку ад мужчыны, ты можаш напісаць заяву ў паліцыю.
Але калі я ехала, мы шмат размаўлялі з грузінамі і яны казалі, што амаль у кожным доме ёсць такая зброя, каб абараняцца, бо былі розныя часы, і гэта зброя часам забяспечвала бяспеку сям’і. Яна павінна быць абавязкова. І стала страшна, што гэтая зброя пачала працаваць не на карысць грамадства, таму што з’явілася шмат забойстваў. І тут пытанне: гэта вярнуліся тыя злодзеі ў законе, якіх выгнаў Саакашвілі і зараз яны пачалі ладзіць вось гэтыя разборкі альбо грамадзяне паглядзелі, што кіраўніцтву дзяржавы не да іх, што яны займаюцца іншымі пытаннямі і яны могуць рабіць што заўгодна. Вось гэта пакуль незразумела.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя