Як жывецца жанчынам у Польшчы?



8 сакавіка адзначаюць сваё свята, але гавораць таксама пра свае турботы і клопаты. Жанчыны ў Польшчы сто гадоў таму атрымалі выбарчыя правы, але ў палітыцы надалей складаюць невялікі адсотак, атрымліваюць меншыя зарплаты, выконваюць большасць сямейных абавязкаў. Юстына Рэмбішэўская з партыі «Разам» кажа, што шматлікія даследаванні сведчаць пра кепскую сітуацыю жанчын у Польшчы.

– Жанчыны вымушаны змагацца за свае правы. Найлепш гэта паказалі змены і рух вакол закона аб абортах. Маем дачыненне з гвалтам жанчын, пра які яны не паведамляюць. Гэта і псіхічны здзек з жанчын. Таксама прафесіі, у якіх дамінуюць жанчыны: апякункі, медсёстры, настаўніцы – горш аплачваюцца.

Як кажа Юстына Рэмбішэўская, лепшая сітуацыя жанчын у дзяржаўным сектары, бо на прыватных прадпрыемствах розніца ў заробках вельмі значная. У сярэднім жанчыны ў Польшчы зарабляюць на 18% менш за мужчын.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток