Які лёс чакае беластоцкую дзяўчынку з палівачкай?



Грамадскасць занепакоеная будучыняй вядомага ва ўсім свеце графіці дзяўчынкі з палівачкай. Сябры партыі “Разам” звярнуліся да Універсітэта ў Беластоку, які ёсць уласнікам будынка, на сцяне якога знаходзіцца графіці, і да інвестара, які хоча гэты будынак купіць і адрамантаваць, каб не знішчалі сімвал Беластока, якім якраз і стала дзяўчынка з палівачкай.

Паводле Рыгора Яношка з партыі “Разам”, графіці не ёсць уласнасцю ні ўніверсітэта, ні прыватнага інвестара. Яно належыць усім жыхарам Беластока, якія эмацыйна звязаныя з гэтай дзяўчынкай.

Беласток не можа дазволіць сабе культурнага невуцтва. Тым больш, калі гаворым пра культуру, якая ідзе непасрэдна да жыхароў горада. Мы не можам дазволіць, каб існаванне элементаў сучаснай культуры, сімвала нашага горада залежала ад ласкі ці няласкі прыватных інвестараў.

Лёсам дзяўчынкі з палівачкай зацікаўлены таксама магістрат. Горад рыхтуе пастанову аб прыняцці мясцовага плана ўпарадкавання для вуліцы Пілсудскага і Чыстай, дзе знаходзіцца будынак з графіці. У плане можна будзе ўпісаць графіці як “каштоўнасць сучаснай культуры”.

IMG_5945

Графіці дзяўчынкі з палівачкай створана ў межах шматгадовага праекта “Folk on the street”. Аўтар – польская мастачка Наталля Рак. Графіці знаходзіцца на сцяне будынка былой габрэйскай гімназіі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара