Які праект бюджэту Беластока на новы год?



2 мільярды даходу і 1,9 мільярда выдаткаў. Гэта праект бюджэту горада Беластока на 2017 год. Паводле яго, 400 мільёнаў злотых пойдзе на асвету. Важным элементам будуць інвестыцыі, асабліва дарожныя. Кажа прэзідэнт Тадэвуш Трускаляскі.

– Так званая “Траса незалежнасці” – гэта амаль 200 мільёнаў. Прадугледжана перабудова вуліцы Цыялкоўскага, алея 1000-годдзя Войска Польскага, працяг вуліцы Сітарскай да Свентакшыскай.

Агулам на 2017 год запланавана каля 160 інвестыцый, у тым ліку 47 – дарожных. Паводле Трускаляскага, квота на ўсе інвестыцыі ў горадзе рэкордная.

– Гэты бюджэт скіраваны на развіццё, прадугледжвае інвестыцыі і шматлікія выклікі. З пункту погляду інвестыцыйных выдаткаў, а таксама пераадолення бар’ера ў 2 мільярды злотых, смела можна назваць яго бюджэтам дзесяцігоддзя.

Прэзідэнт горада спадзяецца на шматлікія папраўкі да бюджэту з боку радных. У мінулым годзе было іх каля сотні. Першае чытанне бюджэту адбудзецца 12 снежня.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток