Якімі палякі бачаць сучасную Беларусь і беларусаў?



Грамадскую думку наконт таго, якімі палякі бачаць сучасную Беларусь і беларусаў, даследаваў Цэнтр дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага ў Варшаве, паведамляе euroradio.fm.

Для гэтага апыталі больш за 1000 палякаў рознага полу, узросту, адукацыі, з усіх ваяводстваў.

І вось якія вынікі атрымаліся. Галоўная выснова гэтага апытання відавочная: пасля пачатку вайны ва Украіне і на фоне датычнасці Беларусі да дзеянняў Расеі стаўленне палякаў да Беларусі кардынальна змянілася.

Палякаў запыталі, як яны ўспрымаюць суседнія краіны і як, на іх меркаванне, гэтыя краіны ўспрымаюць Польшчу. Дык вось: у 2020-м годзе больш за 40% палякаў думалі, што Беларусь ставіцца да іх прыязна. Цяпер усё нашмат горш: 82% грамадзян Польшчы лічаць, што Беларусь успрымае іх непрыязна. Раней так меркавалі толькі пра Расею.

Але крыху іншая справа — беларусы. Дык вось, калі адкінуць дзяржаўныя справы і абапірацца толькі на чалавечыя кантакты, то ўжо тут палякі менш катэгарычныя. Тут ужо толькі 49% палякаў лічаць, што беларусы іх недалюбліваюць, а 34% усё ж заўважаюць, што беларусы ставяцца да іх прыязна.

Рэспандэнтаў запыталі, што яны ведаюць пра Беларусь, якія ў іх першыя асацыяцыі. І 42% адказалі: аўтарытарызм, таталітарызм і Лукашэнка. Другая паводле папулярнасці асацыяцыя — вайна ва Украіне і братанне з агрэсарам, Расіяй. Таксама згадвалі падзеі на беларуска-польскай мяжы, дакладней, міграцыйны крызіс, справакаваны Лукашэнкам.

Даследаванне паказвае, што палякі актыўна цікавяцца навінамі з Беларусі. Амаль траціна — 29% — сказала, што асабіста ведаюць беларуса або беларуску, а 9% сябруюць з імі і атрымліваюць навіны з першых рук. Рэгулярна сочаць за падзеямі ў нас 32% грамадзян Польшчы.

Цяпер беларусаў у Польшчы нашмат больш, чым тры гады таму. І тут палякі не тое каб сфармавалі адназначнае стаўленне да мігрантаў з Беларусі. Напрыклад, 43% апытаных лічаць, што дапамагаць варта толькі тым, хто зведаў палітычны пераслед. У той жа час 30% — за тое, каб у роўнай ступені дапамагаць усім беларусам, што пераехалі ў Польшчу.