Ян Абадоўскі: Беларусам застаецца толькі партызаніць перад галоўным “боем”
У нядзелю беларусы Беластоку сабраліся на Рынку Касцюшкі, каб гадзіннай акцыяй падтрымаць незалежныя медыя Беларусі. Акрамя гэтага наўпрост пазнаёміцца і пагаманіць аб трывожных навінах з Радзімы, якія з кожным днём нарастаюць як “снежны ком”. Да ганенняў на TUT.BY і смерці ў зняволенні Вітольда Ашурка, дадалося затрыманне Рамана Пратасевіча праз падманны перахоп самалёта рэжымам Лукашэнкі.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – арганізатарам акцыі ў Беластоку, актывістам Янам Абадоўскім пра беларускі супраціў у Беластоку і прагноз далейшых падзей у Беларусі.
Ян Абадоўскі: Мяне завуць Ян Абадоўскі. Я з 1998 года знаходжуся ў Польшчы. З’ехаў у 90-х гадах, калі былі першыя акцыі пратэсту. Папрасіў тут палітычны прытулак. І ўжо шмат гадоў жыву ў Польшчы. Час ад часу займаўся грамадскай дзейнасцю. Але ад жніўня 2020 года, ужо можна сказаць, зноў уцягнуўся цалкам – займаюся грамадскай дзейнасцю.
РР: Па вашых назіраннях, ці шмат беларусаў прыбывала ў Польшчу за гэты перыяд з 1998 году, і калі быў найбольшы пік?
Ян Абадоўскі: Думаю, што найбольшы пік як раз быў у жніўні 2020-га. І ўсе наступныя месяцы – гэта найбольшы пік, калі прыязджалі сюды людзі. Людзі наогул беглі з Беларусі, нічога не маючы, прыходзілася збіраць для іх і рэчы, і дапамагаць з уладкаваннем. Шмат рознага было за гэты перыяд.
РР: А па вашых уражаннях, як беларусу ўвогуле ўладкавацца ў Польшчы: проста ці не?
Ян Абадоўскі: Я скажу так, што гэта найперш залежыць ад чалавека. Але напэўна, калі параўноўваць з 1998 годам, то зараз лепш. Ёсць ужо беларуская эміграцыя, якая можа дапамагчы. Таму напэўна прасцей. Можна і працаваць і г.д. Калі я прыехаў, то быў чацвёртай асобай, якая папрасіла палітычны прытулак. Зараз лік ідзе на сотні.
РР: А беларусы не губляюць сваю тоеснасць у Польшчы? Не становяцца чыста палякамі?
Ян Абадоўскі: Я лічу, што не. Калі паглядзім з перспектывы часу, то як раз жнівень 2020 года паказаў, што вельмі шмат беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, хочуць штосьці рабіць, штосьці змяніць у сваёй краіне. Са жніўня нейкі час мы збіраліся кожны дзень. Затым праз тыдзень. І сёння перыядычна беларуская дыяспара тут збіраецца ў Беластоку на розныя акцыі. Сваімі акцыямі мы паказвалі сваю салідарнасць з тымі людзьмі, якім на Беларусі сёння асабліва цяжка. Мы тут знаходзімся ў дэмакратычнай краіне, дзе не маем ніякіх праблемаў.
Цалкам размова:
Размаўляла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя