Ян Абадоўскі: Беларусы разам з украінцамі супраць вайны
Сёння ў Беластоку а 18-й гадзіне пачнецца антываенны мітынг. Пра гэтае мерапрыемства размаўляем з Янам Абадоўскім.
РР: Акцыя адбудзецца каля помніка Пілсудскаму ў самым цэнтры Беластоку. Гэта беларуская акцыя ці агульнабеластоцкая? Хто з’яўляецца арганізатарам акцыі?
Ян Абадоўскі: Арганізатар акцыі – горад Беласток. Менавіта прэзідэнт горада – Тадэвуш Трускаляскі. І беларусы Беластока далучаюццца да гэтай акцыі. Сёння вельмі важна, каб беларусы паказалі сваю салідарнасць з народам Украіны. Вельмі важна, каб грамадзяне Польшчы ўбачылі, што беларусы ў гэтыя цяжкія часы знаходзяцца разам з украінцамі, якія сёння змагаюцца з расейскай акупацыяй, калі на іх тэрыторыі ідзе вайна.
РР: Бо зараз з’яўляюцца папрокі ў адрас беларусаў, што нібыта мы, беларусы, памагатыя Пуціна ў гэтай агрэсіі. Гэта ж няпраўда! Бо ёсць Лукашэнка, а ёсць звычайныя людзі.
Ян Абадоўскі: Нельга ставіць знак роўнасці паміж беларусамі і Лукашэнкам. Беларусы ў 2020 годзе тысячамі выходзілі супраць дыктатара Лукашэнкі. Беларусы амаль два гады змагаюцца з гэтай дыктатурай. Сёння тысячы палітвязняў сядзяць за кратамі. Ім прысудзілі ад 2 да 20 гадоў турмы толькі за тое, што яны хочуць змен у сваёй краіне. Таму беларусы Беластока павінны сёння прыйсці, каб паказаць, што мы супраць вайны, што мы разам з украінцамі.
Беларуская дыяспара Беластока правяла збор сродкаў для ўкраінскай тэрабароны. І сёння мы атрымалі відэа, што ўсе рэчы, што мы сабралі, трапілі на фронт і ўкраінская тэрабарона вельмі дзякуе беларусам, якія далучыліся да гэтай акцыі. Мы таксама сабралі грошы – гэта паўтары тысячы злотых, на якія мы набудзем рацыі, неабходныя для ўкраінскай тэрытарыяльнай абароны.
РР: Больш за 2 мільёны ўкраінскіх уцекачоў пакінулі краіну. Ёсць яны таксама і ў Беластоку. І ты таксама прыняў украінцаў у сваёй кватэры.
Ян Абадоўскі: Так, да нас прыехала сям’я з Мікалаева, гэта сям’я, якой мы некалькі гадоў дапамагаем. Гэта хворыя дзеці, якія маюць генетычнае захворванне. Яны патрабуюць медычнай дапамогі. І гэтая сям’я цэлы тыдзень сядзела ў падвале, хавалася ад бомбаў, ад гэтай жудаснай вайны. Яны мелі толькі 20 хвілін, каб сабрацца і з’ехаць. Бо горад аточаны з усіх бакоў расейскімі войскамі.
Многія беларусы нават у аднапакаёвых кватэрах прымаюць людзей з Украіны, каб дапамагчы ім.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя