Ян Абадоўскі: Стараемся дапамагаць усім



Акцыі дыяспары беларусаў у Беластоку не толькі прыцягваюць увагу, але і не даюць забыцца пра тое, што ў Беларусі па сённяшні дзень адбываюцца рэпрэсіі.

Пра тое, наколькі важна нагадваць грамадству пра тысячы палітзняволеных, распавёў актывіст беларускай дыяспары Беластока Ян Абадоўскі.

РР: Распавядзіце калі ласка, якія мерапрыемствы плануюцца ў ліпені?

З 30-га па 2-га ліпеня каля Аўгустова будзем праводзіць турыстычны злёт дыяспар. Які называецца „Будзеніка”. У мінулым годзе мы зрабілі два такія выезды, дзе збіралася больш за сто асобаў. У гэтым годзе ўжо бачым, што будзе больш людзей, чым было ў мінулым годзе. Таму запрашаем далучацца. Уся інфармацыя ёсць у нас на Фэйсбуку дыяспары. Акрамя гэтага запрашаем на фестываль абуджаных „Tutaka”, у якім дыяспара таксама прымае ўдзел. Мы запрашаем 14-15 ліпеня ў Гарадок. Сапраўды гэта будзе такое свята для ўсіх беларусаў. Там будзе магчымасць для ўсіх беларусаў сустрэцца, пазнаёміцца. Будуць культурныя мерапрыемствы, спартовыя, таму запрашаем далучацца. У найбліжэйшы час гэта два мерапрыемствы да якіх мы вельмі актыўна рыхтуемся.

РР: Якую падтрымку аказвае арганізацыя беларусам, якія нядаўна прыехалі?

Стараемся дапамагаць усім, хто да нас звяртаецца. То бок у Тэлеграм, у Фэйсбуку або ў Інстаграме. Перш за ўсё гэта інфармацыйная дапамога. Распавядаем людзям, што трэба зрабіць, куды звярнуцца. Таксама, калі ў людзей ёсць праблемы, напрыклад з грашыма, то стараемся дыяспарай збіраць. Трэба зразумець, што дыяспара гэта не НДА, у нас няма нейкага фінансавання, мы не падаем ні на якія гранты. Гэта людзі, якія ў 2020 годзе сабраліся пад сценамі консульства, якія былі абураныя вынікамі выбараў прэзідэнта. Да сённяшняга дня мы праводзім шматлікія акцыі ў падтрымку палітзняволеных. Выказваем нашу салідарнасць з народам Украіны, з беларускімі добраахвотнікамі. Мы таксама шмат разоў збіралі дапамогу для беларускіх добраахвотнікаў. На жаль фінансавання і рэсурсаў у нас няма, мы незарэгістраваная арганізацыя. Але можа гэта і добра, бо ніхто не можа нам прад’явіць, што мы маем нейкае фінансаванне і „сядзім” на грантах.

РР: Якія парады вы маглі б даць беларусам, якія хочуць выказваць сваю пазіцыю?

Вы ведаеце, акцыі могуць быць розныя. Пішам лісты палітвязням, можна дапамагаць фінансава шматлікім арганізацыям, якія займаюцца дапамогай беларусам, якія зараз знаходзяцца ў Беларусі, палітвязням, Можна дапамагаць беларускім добраахвотнікам ва Украіне. Калі вы хочаце прыняць удзел у нашых акцыях, то вы заўсёды можаце закрыць твар і прыйсці, напрыклад, у масцы на нашу акцыю. Вельмі шмат асобаў так робіць, каб не было пазней праблем. Таму галоўнае – жаданне змагацца і ісці далей разам да перамогі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Падтрымаць палітзняволеных можа кожны жадаючы: навіны аб бліжэйшых акцыях з’яўляюцца ў сацыяльных сетках Беларускай дыяспары ў Беластоку. Актывісты таксама заклікаюць пісаць лісты да асуджаных. Людзям, якія зараз знаходзяцца за кратамі, вельмі важна атрымліваць псіхалагічную падтрымку.

Беларускае Радыё Рацыя