Ян Максімюк: Кадыфікацыя падляшскай мовы – галоўны сродак яе паратунку
Еўрапейскі Гуманітарны Універсітэт зладзіў анлайн-сустрэчу з падляшскім пісьменнікам Янам Максімюком.
Аўтар прадставіў новую кнігу “Trava zabytia”(2023) і агучыў асноўныя праблемы падляшскай мовы, на якой кніга і была напісаная. Кажа Ян Максімюк:
-Падляшская мова яшчэ не памерла. Яшчэ жывая мова на Падляшшы. Але яна спакваля памірае. І таму кадыфікацыя гэтай мовы і спроба ўвесці ейны ўнармаваны варыянт у культурны рух падляшскіх беларусаў – гэта і ёсць паратунак для мовы. Сітуацыя, асабліва на такіх этнічна моўных памежжах як Падляшша, ўскладнілася. Сёння мы ўжо разумеем, што можа быць народ, у якога не адна нацыянальная мова, а дзве, а часам можа і тры. На падляшскай мове гавораць людзі, якія ідэнтыфікуюць сябе беларусамі, украінцамі і палякамі. І яшчэ людзі, якія ўвогуле не ідэнтыфікуюць сябе па нацыянальнасці – кажуць, што яны праваслаўныя.
Паводле Яна Максімюка, да выдання рыхтуецца польска-падляшскі слоўнік, які стаў вынікам працы арфаграфічнай і граматычнай кадыфікацыі ўсходнеславянскіх дыялектаў міжрэчча Нараў і Буг у Падляшскім ваяводстве. Праца вялася з 2008 года. Слоўнік будзе ўключаць каля 40 000 слоў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Яна Максімюка