Ян Максімюк пра падляшскую мову
Ці існуе асобная падляшская мова? Сённяшні госць Рацыі запэўнівае, што ТАК, існуе. Акрамя таго, на ёй можна не толькі размаўляць, але пісаць раманы, ставіць спектаклі і выдаваць кнігі.
Размаўляем з перакладчыкам, літаратарам, журналістам, які супрацоўнічае з “Радыё Свабода”, стваральнікам сайта http://svoja.org – Янам Максімюком.
Ян Максімюк паходзіць з вёскі Ляхі Падляшскага ваяводства, з 1998 года жыве ў Празе. Калі ў 2004 годзе, кажа, пабачыў вынікі перапісу насельніцтва ў Польшчы, то дакладна зразумеў, як выглядае моўная сітуацыя падляшскіх беларусаў, і менавіта тады прыйшла ў галаву ідэя, што ў культурны кантэкст беларусаў Падляшша трэба ўключыць не толькі літаратурную беларускую мову, але таксама падляшскія дыялекты, на якіх гавораць людзі паміж Нарвай і Бугам, і якія вельмі адрозніваюцца ад літаратурнай мовы. Тады ідэю і агучыў публічна ўпершыню на “Трыялогу” у Сакрата Яновіча.
РР: З таго часу паўстала ідэя стварыць сайт?
– З таго часу я пачаў мэтанакіравана працаваць у тым кірунку, каб гэтую ідэю распаўсюдзіць. У 2004 ці 2005 годзе я яшчэ пра старонку ў інтэрнэце не думаў, але ўжо пачаў перакладаць, каб пабачыць, ці нашыя дыялекты прыдатныя да таго, каб выконваць усе культурныя ды інфармацыйныя функцыі, якія выконвае ў нас да сённяшняга дня беларуская літаратурная мова. На працягу двух-трох гадоў я пераканаўся, што гэта ўсё магчыма, папрасіў брата Аляксандра, праграміста, каб ён стварыў старонку для прамоцыі маіх ідэй у інтэрнэце. Гэта была фактычна адзіная магчымасць данесці гэтыя ідэі да сваіх суродзічаў на Падляшшы, таму што я ўжо жыў у Чэхіі колькі гадоў і не мог прыязджаць і з кожным размаўляць на месцы, а інтэрнэт дае такую магчымасць. Так што ідэя падляшскай мовы, заснаваная на яшчэ жывых дыялектах ваколіц Гайнаўкі і Бельска, тое, што яна прынялася шмат у якіх месцах, стала магчыма менавіта дзякуючы інтэрнэту.
На фота: Ян Максімюк і Сяргей Шупа на сёлетнім „Трыялогу” у Крынках
РР: Акурат хачу спытаць пра гэтыя дыялекты. Наколькі гэта можна звесці да нейкай адзінай падляшскай мовы, бо яны вельмі розныя. Мне казалі, што ў гэтым рэгіёне пушча была пэўным і моўным падзелам, бо калі з аднаго боку пушчы казалі “кот”, то з іншага ўжо “кіт”. Наколькі гэта можна ўвогуле звесці да адзінай формы?
– Гэта магчыма. Калі ўзнікае літаратурная мова, то яна ўзнікае з нейкіх дыялектаў і гэтыя дыялекты наогул розныя. Так узнікала і польская літаратурная мова, і нямецкая. Да сёння ў Нямеччыне існуюць дыялекты, якія ўзаемна незразумелыя, але нічога, існуе пры гэтым літаратурная нямецкая мова, як мінімум 200 гадоў існуе яе адзіны стандарт. Так што заўсёды літаратурны варыянт выбіраецца паводле крытэраў, якія даюць найбольшую верагоднасць таго, што гэтая мова прымецца як літаратурны стандарт. У мяне такіх крытэраў было тры. Па-першае, у нас гэтыя дыялекты ажно не такія разнастайныя, як на Палессі ў Беларусі, дзе сапраўды мазаіка гэтых дыялектаў і цяжка знайсці нешта такое, што б усіх задаволіла.
Я ж абаперся на дыялектах у ваколіцах Бельска і Гайнаўкі, на якіх гаворыць дзве траціны мясцовых беларусаў.
РР: Гэта дыялекты з дыфтонгамі?
– Так, з дыфтонгамі, калі гавораць “куот”, “куонь”. Ёсць і пераходная зона, дзе гэтыя дыфтонгі крышку знікаюць. Потым ідзе невялікі абшар, дзе мы маем украінскі “ікавізм”, дзе гавораць “кінь”, “кіт” і гэтык далей, але з майго пункту погляду, гэта маргінальныя дыялекты, бо большасць людзей гавораць на дыялектах з дыфтонгамі. І гэта быў першы крытэр. Другі крытэр такі. Пакуль я дадумаўся, што трэба ўвесці падляшскую мову ў нармальны камунікацыйна-культурны кантэкст беларусаў, існавала ўжо невялічкая літаратура на гэтых дыялектах. Як ні дзіўна, усе пісалі якраз з дыфтонгамі, гэта Зоя Сачко, Дарафей Фіёнік, Віктар Стахвюк. Яны паходзяць акурат з базавага арэалу падляшскай мовы, які я ўзяў за аснову для свайго нармалізацыйнага ці кадыфікацыйнага праекту.
То бок гэтыя дыялекты ўжо паказалі на практыцы, што яны могуць быць выкарыстаныя ў пісьмовай форме і яны да гэтага прыдатныя.
І трэці крытэр быў такога сацыялагічнага характару. Калі я ў Бельску сустракаў асобу з Кляшчэляў або з Чарэмхі, і калі я гаварыў па-свойму з дыфтонгамі, а роднай гаворкай гэтай асобы была гаворка з “ікавізмамі”, то гэты чалавек падладжваўся пад мой варыянт. То бок мая форма дыялекту як бы для яго мае большы грамадскі прэстыж.
Гэта вельмі важна, таму я зразумеў, што няма іншага варыянту, як зрабіць падляшскую мову з дыфтонгамі, бо яна мае і дэмаграфічную перавагу, і грамадскі прэстыж, і мае нейкую сціплую літаратуру.
Такім чынам з’явілася старонка svoja.org у 2008 годзе, а потым з’явіўся і першы прафесійны беларускі тэатр на падляшскай мове. А пазней выйшлі “Казкі па – свойму” – гэта кніга, выдадзеная фундацыяй тэатра “Чрэва” для тых, хто хоча чытаць на мове беларусаў Падляшша.
– Я не помню такога ў гісторыі не толькі нашай кнігавыдавецкай справы, але і ў Беларусі, каб людзі запісваліся ў кнігарнях у чаргу па гэтую кніжку з казкамі. Мы выдалі спачатку 250 экзэмпляраў і баяліся, ці прадасца, бо гэта нешта новае ды яшчэ на лацінцы. Мы прадалі гэтыя экзэмпляры, але кніжкі нават не паспелі даехаць у кнігарні, проста людзі пачулі і раскупілі іх у нас. Мы зрабілі другі дадрук, які таксама “разляцеўся”. У суме мы прадалі 700 экзэмпляраў гэтай кніжкі, а яна каштуе ў кнігарні 35 злотых як нармальная кніжка. 700 экзэмпляраў прададзенай кніжкі, не па-расейску, гэта робіць уражанне нават у Менску. Нас жа тут не цэлых 40 тысяч на Беласточчыне запісалася беларусамі, і мы змаглі прадаць ім 700 экзэмпляраў беларускай кніжкі. Так што вам гэта не жартачкі.
РР: Чаму ж вы ўсё такі гаворыце, што гэта падляшская мова, а не беларускам мова?
– Таму што яна не можа быць беларускай. Вы запытайце не моўнага актывіста, а лінгвіста, які вам па шчырасці скажа, што гэта ёсць украінскі дыялект. Калі ёсць сітуацыя такой як бы бінарнасці, і мы на дыялекты на Беласточчыне глядзім або як на беларускія, або як на ўкраінскія, то яны адназначна ўкраінскія, таму што няма гэтага “дзекання”, “акання”, “якання” – асноўных элементаў беларускай мовы. Калі глядзець у такой бінарнай сістэме, то мы маем украінскі дыялект. Але натуральна, што мовы некалі ўзнікаюць. Раптам узнікае патрэба ўзвесці размоўныя дыялекты да статусу пісьмовай мовы і ствараецца новая пісьмовая мова. Тут зноў жа можна вярнуцца да дыскусіі, што ёсць беларускае: ці толькі тое, што на беларускай літаратурнай мове, ці таксама на расейскай, ці на ідыш, ці на польскай, што стваралася пра Беларусь, беларусамі і на беларускую тэматыку. Тут падобная сітуацыя. Пры нагодзе гэтага праекту з падляшскай мовай трэба глянуць на сітуацыю беларусаў як народа памежжа, дзе ў беларускую культуру могуць унесці свой уплыў і беларуская літаратурная мова, і нашая падляшская мова, якая не можа быць зведзеная да нейкага стандарту ці субдыялекту літаратурнай беларускай мовы праз адсутнасць гэтага “дзекання”, “цекання”, “акання” і “якання”.
Уводзім лацінку, бо многія не чытаюць кірыліцай, а лацінка добра пасуе да падляшскіх дыялектаў і дазваляе таксама пазначыць дыфтонгі.
РР: Ці падляшская мова – гэта выміраючая мова?
– Безумоўна, гэта выміраючая мова. Некалі я задумаўся, колькі яшчэ часу яна можа працягнуць як жывая мова нашай вёскі? Мне здаецца, што больш як сорак гадоў яна не працягне. Але тое самае чакае і беларускія дыялекты ў іншых мясцовасцях. Але падляшская мова неабходная ў кантэксце беларускай культуры. Я вам не сказаў раней, што на 40 тысяч тых, хто ў нас запісаўся беларусамі, з кожных дзесяці асобаў 7 гавораць дыялектамі падляшскай мовы, 2 гавораць дыялектамі беларускай літаратурнай мовы і 1 гаворыць дома ўжо на польскай мове, але лічыць сябе яшчэ беларусам. Так выглядае нашая сітуацыя. Але калі амаль 70 працэнтаў гаворыць на падляшскай мове, то нельга прыкідвацца, што ўсіх беларусаў каля Гайнаўкі і Бельска мы навучым гаварыць на літаратурнай мове. Мы іх вучым-вучым 60 ці 70 гадоў і не навучылі. Людзі ў сем’ях надалей гавораць на дыялектах падляшскай мовы. І я падумаў, што калі людзі яшчэ трымаюцца гэтай мовы і гавораць на ёй, то добра будзе даць ім тэкст на гэтай мове. Як паказваюць нашыя казкі, або тэатр, людзі на гэта рэагуюць вельмі эмацыйна і спантанна, як на сваё. Дык чаму ж такім чынам не падтрымаць беларускай ідэі?
Цалкам гутарка з Янам Максімюком – у далучаным гукавым файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.