Ян Маліцкі: «З 2006 года ў Беларусь мяне не пускаюць»
Пасля разгону Плошчы Каліноўскага ў 2006 годзе Польшча адкрыла Праграму імя Кастуся Каліноўскага. Дырэктар Праграмы для рэпрэсаваных беларусаў Ян Маліцкі пад час святкавання юбілею ў Варшаўскім універсітэце падвёў вынікі дзейнасці за 10 гадоў.
На думку навукоўцы, тое, што праграму паспяхова скончыла 274 чалавекі – гэта зусім нямала:
— Дзвесце семдзесят чатыры дыпломы плюс адна распачатая доктарская дысертацыя гэта вельмі шмат. А тое, што шмат асобаў не скончылі, дык гэта нічога не значыць, бо па-першае, у Польшчы таксама шмат хто з тых, што пачынаюць вучобу, яе не заканчваюць. А па-другое, асабліва той першы шалёны набор быў такі, што большасць з іх, непадрыхтаваных да вучобы ў Польшчы, праграмы не скончыла. А з часу, калі я ўвёў кваліфікацыйную камісію, з кожным разам усё лепш.
Ян Маліцкі адзначыў, што дапамога людзям, якія патрабуюць і кіраванне Праграмай імя Каліноўскага з’яўляецца для яго справай гонару, аднак ён вельмі шкадуе, што яго не пускаюць у Беларусь:
— Пасля дзесяці гадоў я ўсё яшчэ не магу ўехаць у Беларусь і за гэтыя 10 гадоў ані раз не быў у Беларусі. Апошні раз я быў там у снежні 2006 года і з таго часу ніколі не быў, але сапраўды вельмі хацеў бы паехаць. Гэта блізкая мне краіна і быў там шмат разоў. Цяпер я чакаю толькі гэтага.
Таксама Ян Маліцкі ўзгадаў, што рашэнне пра адкрыццё Праграмы імя Каліноўскага было прынятае цягам аднаго дня, што сталася прэцэдэнтам у гісторыі польскай дзяржавы.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава