Ян Мельнікаў: У выпадку вайны з Расеяй беларусы гатовы бараніць Украіну
Пагроза расейскага ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі не знікае з палітычнага парадку дня. Таму лагічна, што Прэзідэнт Украіны ў аўторак падпісаў закон аб арміі. Паводле дакумента, колькасць узброеных сіл Украіны павялічыцца на 100 тысяч чалавек, будзе створана яшчэ 20 брыгад, падвышаецца грашовае забеспячэнне ваенных і тэрмін службы кантрактнікаў.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – жыхаром Кіева і экс-добраахвотнікам Тактычнай групы «Беларусь» Янам Мельнікавым пра тое, што ён будзе рабіць, калі распачнецца вайна Расеі і Украіны, як бы ён прагаласаваў падчас Рэферэндуму ў Беларусі і якім чынам Украіна рыхтуецца да мажлівай вайны:
– Я зараз знаходжуся ў Кіеве. Як склаўся мой лёс? Там я працую на цывільнай працы, у ахове задзейнічаны. Таксама я правожу навучанне для грамадзян ва Украіне, у Кіеве, а таксама для беларусаў, якія пераехалі. Я актыўна іх запрашаю на гэтыя мерапрыемствы дзеля таго, каб ведаць план дзеянняў на выпадак, калі ў тым горадзе, дзе яны жывуць, пачынаюцца баявыя дзеянні.
РР: Ці правільна я зразумела: зараз Україна рыхтуецца да вайны?
Ян Мельнікаў: Так. Ёсць такі праект як “Татальны опер” – украінскі праект, які быў створаны дзеля таго, каб стварыць тэрытарыяльную абарону з цывільных, якія не праходзяць цяпер службу. Гэта як ветэраны баявых дзеянняў, ветэраны службы ўзброеных сілаў, так і простыя грамадзяне, якія ніколі не мелі досведу службы.
РР: Раскажыце пра тактычную групу “Беларусь”. Яна яшчэ дзейнічае, ці будзе прымаць удзел у ваенных дзеяннях ва Украіне?
Ян Мельнікаў: Зараз як такой тактычнай групы няма, але большасць хлопцаў удзельнічалі разам у баявых дзеяннях у складзе тактычнай групы “Беларусь”. Мы сёння падтрымліваем кантакты, распрацоўваем курс праграмы асноўных ведаў па медычнай дапамозе пры баявых дзеяннях, каб праводзіць курс для беларускай дыяспары тут, ва Украіне. Але хлопцы, хто хацеў служыць далей, пайшлі ва ўзброеныя сілы Украіны, бо мы былі ўвесь час як валанцёрская структура. Так можна існаваць год, два, пяць, але ўвесь час быць валанцёрам і добраахвотнікам і ўвесь час разлічваць на дапамогу з боку валанцёраў – гэта не ёсць нармальна. Гэта было актуальна ў 2014, 2015, нават у 2016, а ўжо пачынаючы з 2016 года ёсць нармальныя рэгулярныя войскі і ёсць заробак, бо ўсе мы жывыя людзі і трэба ўсім нам дзесьці жыць, штосьці есці падчас або ратацыі, або пасля службы. Таму цяпер усе, хто хацеў працягваць удзел у баявых дзеяннях, аформіліся афіцыйна на кантракт ва Узброеныя сілы Украіны.
РР: А ці маеце вы дагэтуль грамадзянства Беларусі?
Ян Мельнікаў: Так, я грамадзянін Беларусі.
РР: І можна спакойна пры гэтым ваяваць за Украіну, так атрымліваецца?
Ян Мельнікаў: Безумоўна, не магчыма стаць паліцыянтам ва Украіне альбо байцом Нацгвардыі, а падпісаць кантракт з Узброенымі сіламі Украіны можа нават іншаземец, калі ён пройдзе ўсе неабходныя праверкі з боку спецслужбаў Украіны. І тады ён спакойна зможа атрымаць магчымасць адслужыць да канца ва Узброеных сілах.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя