Ян Мордань: Традыцыйныя святы губляюць глыбінны сэнс
“Традыцыйныя святы ў сённяшні час губляюць свой глыбінны сэнс. У тым ліку гэта тычыцца і адзначэння свята Раства Хрыстовага”, – так мяркуе жыхар падляшскіх Гацькоў Ян Мордань.
“Людзі мітусяцца перад святам, каб было прыгожа на іх панадворку ды ў іх хаце, але перасталі рабіць нешта супольна”, – працягвае наш суразмоўца, які прыгадвае, як было на вёсцы раней:
– Моладзь, дзеці збіраліся па хатах групамі. Напрыклад, хлопцы рыхтавалі калядныя зоркі, майстравалі іх, упрыгожвалі. Усе групы стараліся і ў сем’ях, і ў групах жанчыны развучвалі, прыпаміналі калядкі, песні, якія звязаны з нараджэннем Ісуса Хрыста.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Ян Мордань жадае на святы, каб людзі перасталі рабіць нешта толькі дзеля грошай, бо найважнейшае ў жыцці, на яго думку, – блізкія і родныя людзі.
У гэтыя дні праваслаўныя вернікі рыхтуюцца да адзначэння Раства Хрыстова, якое святкуецца 7 студзеня, паводле Юльянскага календара. У традыцыі ў гэты дзень пачыналі хадзіць пераапранутыя калядоўнікі, якія спявалі песні, за што гаспадары мусілі іх пачаставаць.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя