Яна Шостак: Пакуль вайна – музы маўчаць, а ўся ўвага – Украіне



У межах выставы „Калі сонца нізка – цені доўгія” у беластоцкай галерэі „Арсенал” адбылася публічная дыскусія „Нашы сады ў няпростай кропцы свету”.

Мастачкі з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы падчас вайны”. У сустрэчы прынялі ўдзел творцы з Украіны і Беларусі.

Пра мэту сустрэчы распавяла мадэратарка Ганна Лазар:

– Сённяшняя дыскусія – гэта дыскусія, якая праходзіць па запрашэнні дырэктаркі галерэі Arsenal Монікі Шэўчык. Слова сад з’явілася проста як метафара мірнага жыцця, якое дазваляе нейкім чынам прадбачыць хаду падзей. Калі ты садзіш зерне, то яно павінна ўзысці. Цяпер ва ўкраінскім кантэксце, калі там ідзе жахлівая вайна, калі забіваюць людзей, маем справу з генацыдам, то з іх кішэняў прарастуць сланечнікі, якія будуць карміць наступныя пакаленні.

Своеасаблівы маніфест творчых людзей і словы салідарнасці Украіне агучыла лаўрэатка прэміі „Paszport Polityki”, беларуская мастачка Яна Шостак:

– Напэўна трэба зразумець, што сімвалічныя жэсты файныя, важныя, але цяпер гэта павінна быць дадаткам. Мы ўсе павінны перадумаць і зрабіць рэстарт, бо гэта не скончыцца заўтра ці паслязаўтра. Кожны з нас павінен зразумець, што перш за ўсё трэба несці дапамогу тым, хто ўцякае альбо там знаходзіцца.

Падчас дыскусіі былі абмеркаваныя мажлівыя шляхі творчасці і палітычнага выказвання мастачак ва Украіне і Беларусі. Сярод сродкаў пераадольвання беларусамі постсавецкай культурніцкай траўмы ўдзельнікі сустрэчы пабачылі і перадавы вопыт культурніцкай палітыкі Украіны, які транслюецца на дзяржаўным узроўні.

Беларускае Радыё Рацыя